5 траўня 2024, Нядзеля, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску ўшаноўваюць памяць ахвяраў пагрому ў габрэйскіх гета

1

2 сакавіка ў мемарыяльным комплексе «Яма» адбываюцца жалобныя імпрэзы, прысвечаныя 68-й гадавіне пагрому ў габрэйскім гета Менску.

Ушанаваць памяць ахвяраў нацызму прыйшлі прадстаўнікі ўлады, дыпламатычнага корпусу, былыя вязні, перадае «Радыё Свабода».

Жалобныя мерапрыемствы ў памяць ахвяраў першага пагрому ў менскім гета сталі традыцыйнымі ад моманту адкрыцця другой часткі мемарыяльнага комплексу «Яма» ў 2000 годзе.

Але ацалелыя вязні менскага гета прыходзілі сюды яшчэ ў 70—80-я гады, калі трагедыю габрэяў ваеннай пары і пратэсты савецкага часу ўлады стараліся замоўчваць. Пра гэта сведчыць адзін з арганізатараў сённяшняга мерапрыемства, старшыня Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў Леанід Левін.

«Быў час, калі не дазвалялі збірацца, нешта праводзіць у гэтым месцы. Але часы змяніліся, і мы ўпарадкавалі гэтае месца: захавалі помнік, які быў тут усталяваны ў 1946 годзе. Зараз устанавілі вялікі мемарыял. І гэта стала памятным месцам для ўсіх нас. Я спадзяюся, што і для менчукоў таксама», - сказаў Леанід Левін.

2 сакавіка 1942 года нацысты закатавалі больш за пяць тысяч менскіх габрэяў: старых, жанчын, дзяцей. Частку з іх расстралялі ў Менску, частку завезлі пад Койданава і забілі там. Сёння ў жывых засталіся сто былых вязнаў. Але трагедыя беларускіх габрэяў яшчэ не вывучана і паказваецца аднабакова, сцвярджае даследчык гісторыі апошняй вайны Эмануіл Ёфэ.

«Раней паказвалі, што яны ішлі пакорна. А я даводжу, што ў Беларусі былі паўстанні раней, чым у Варшаўскім гета: у Клецкім, Нясвіжскім, Капыльскім, Мірскім і іншых гета. Нават у 2005 годзе выйшаў падручнік, і я ў аўтара спытаў, чаму няма пра паўстанне. А ён адказвае, што не прыйшоў час. Так калі ж гэты час прыйдзе, калі ўжо столькі часу пасля вайны мінула?», - задаецца пытаннем Эмануіл Ёфэ.

Гісторыкі сведчаць, што ў вайну ў Беларусі было створана каля 150 гета. Толькі ў менскім былі знішчаны 100 тысяч чалавек. Таксама вядома больш за 500 месцаў масавых забойстваў габрэяў у Беларусі. Мемарыялам, памятнымі знакамі і таблічкамі на сённяшні дзень пазначаныя толькі каля 50 з іх.

«Ёсць такія месцы, дзе мы толькі пазначаем, што тут загінулі людзі. Гэта вельмі цяжка, паколькі патрэбныя грошы, а іх няма. І таму такія месцы пазначаюцца, калі нехта дапамагае. Я, да прыкладу, часта прыводжу такі прыклад, што ў Глуску ў гета загінулі ўсе габрэі - застаўся толькі адзін. І мясцовыя ўлады дапамаглі ўсталяваць помнік - дзякуй ім. У траўні будзем адкрываць», - распавёў Леанід Левін.

Нагадаем, што ў Менску ў мемарыяльным комплексе «Яма» некалькі разоў невядомыя праводзілі акты вандалізму, паліваючы помнік фарбай. Злачынцаў не знайшлі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках