Фірму лідэра Саюза палякаў папярэдзілі
1- 22.03.2010, 16:44
Гарадзенскае ТАА «Палоніка», якой кіруе Анжаліка Борыс, папярэджана аб неабходнасці добраахвотнай выплаты каля 72 млн. рублёў штрафу.
Пра гэта паведаміў БелаПАН адвакат Ігар Сазановіч. Па яго словах, у лісце судовага выканаўцы Гарадзенскага абласнога гаспадарчага суда Яўгена Юцэвіча ад 15 сакавіка адзначаецца, што калі штраф не будзе выплачаны добраахвотна, грошы будуць спагнаныя прымусова.
Нагадаем, 5 лютага суддзя Ленінскага раённага суда Гародні Натальля Козел па позве падатковай інспекцыі аштрафавала «Палоніку» амаль на 72 млн. рублёў, Анжаліку Борыс - на 4,2 млн. рублёў.
Як адзначыў адвакат, гэтае рашэнне суддзі «Палоніка» паспрабавала абскардзіць у Гарадзенскім абласным судзе, аднак Натальля Козел адмовіла ў прыёме скаргі і накіравала сваё рашэнне судоваму выканаўцу. «Мы лічым дзеянні суддзі незаконнымі і падалі на іх скаргу ў Гарадзенскі абласны суд», - сказаў Сазановіч.