3 траўня 2024, Пятніца, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбаркамы займаюцца адкрытай падробкай?

Незарэгістраваныя баранавіцкія кандыдаты ў дэпутаты Рыгор Грык, Віктар Цяпін і Зміцер Аўгуст падалі скаргі ў Берасцейскую тэрытарыяльную абласную выбарчую камісію.

На дзень раней такую ж заяву накіраваў Мікалай Чарнавус і, як стала вядома «Праваабаронцам за свабодныя выбары», рыхтуе таксама незарэгістраваны кандыдат у дэпутаты Алег Малашчанка.

Рашэннем Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй 25 сакавіка гэтыя вылучэнцы не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Баранавіцкага гарадскога і абласнога Саветаў. Камісія выявіла «памылкі» у падпісных аркушах. Прычым, «праверцы» падлягалі толькі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.

Адзін з незалежных кандыдатаў у дэпутаты, дырэктар Баранавіцкай фірмы «Андатра» Зміцер Аўгуст, прайшоўшы да гэтага паседжання камісіі па кватэрах грамадзянаў Копач Ніны, Ціхановіча Анатоля, Піваш Валянціны, Бляхнік Таццяны, Шышко Людмілы, Гансецкай Алы, ад якіх былі сябрамі камісіі падробленыя «заявы», і правёў іх апытанне адносна таго, як рабілася «праверка» падпісных аркушаў. Пасля гэтага Зміцер Аўгуст прынёс на паседжэнне камісіі заявы гэтых жа самых падпісчыкаў пра тое, што менавіта яны самі ставілі і дату і подпісы ў падпісных аркушах. Незалежны кандыдат у дэпутаты Зміцер Аўгуст падаў камісіі копію заявы Копач Ніны ад 24.03.2010г., копію заявы Шышко Людмілы, копію заявы Піваш Валянціны ад 25.03.2010г., копію заявы Бляхнік Таццяны ад 25.03.2010г., копію заявы Гансецкай Алы ад 25.03.2010г., копію заявы Ціхановіча Анатоля ад 24.03.2010г. Усе гэтыя заявы былі ў падтрымку Змітра Аўгуста і абвяргалі пададзеныя камісіяй паперы.

Незалежны кандыдат запатрабаваў, каб пададзеныя ім заявы былі камісіяй разгледжаныя. Так дзейнічаць яму параілі нават у ЦВК, куды ён звяртаўся па тэлефоне. Але ў парушэнне Выбарчага кодэкса, камісія адмовілася іх разглядаць наогул. Камісія, па прапанове старшыні Юрыя Шэрсцянёва прагаласавала за неўключэнне Зміцера Аўгуста ў спісы кандыдатаў, а заявы грамадзянаў, якія ён падаў, не стала і разглядаць.

З прынятым камісіяй рашэннем Зміцер Аўгуст рашуча не пагадзіўся і падаў скаргу ў Берасцейскую тэрытарыяльную абласную выбарчую камісію, дзе просіць прыцягнуць адпаведных спецыялістаў і правесці почырказнаўчую экспертызу падпісных аркушаў, рашэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ад 25 сакавіка 2010г. прызнаць незаконным і зарэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты.

Аналагічныя скаргі падалі Рыгор Грык і Віктар Цяпін.

Усе трое незарэгістраваныя прэтэндэнты таксама маюць намер звярнуцца ў ЦВК, каб прызнаць працу камісіі і яе старшыні Юрыя Шэрсцянёва не толькі нездавальняючай, але і парушаючай Выбарчы кодэкс РБ.

Адначасова назіральнік у Баранавіцкай гарадской камісіі Сяргей Гоўша напісаў заявы ў ЦВК і ў пракуратуру па гэтых фактах, дзе просіць правесці праверку падпісных аркушаў і подпісаў тых грамадзянаў, чые заявы падала камісія, і прыцягнуць адпаведных спецыялістаў, каб правесці пачырказнаўчую экспертызу дакументаў. Назіральнік таксама патрабуе пракурора прыняць адпаведнае прававое рашэнне і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у грубым парушэнні падчас выбараў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт.64) і Выбарчага Кодэксу РБ паводле арт.49 ВК, у якой ўказваецца: «Асобы, якія перашкаджаюць шляхам гвалту, пагрозаў, падману, подкупу ці іншым спосабам свабоднаму ажыццяўленню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права удзельнічаць ці не ўдзельнічаць у выбарах ... а таксама сябры камісіяў, службовыя асобы дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў і іншыя асобы, якія здзейснілі падробку дакументаў па выбарах, ... альбо здзейснілі іншыя парушэнні патрабаванняў гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, ... - нясуць адказнасць, устаноўленую заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь» у сувязі з тым, што ў выніку падробкі дакументаў камісіяй грамадзяне незаконна не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты. Сяргей Гоўша настойвае таксама на тым, каб ЦВК абавязаў тэрытарыяльную камісію перагледзець сваё незаконнае рашэнне і зарэгістраваць вышэйпералічаных кандыдатамі ў дэпутаты.

Да сваёй заявы назіральнік прыкладае копіі заяваў выбаршчыкаў, якія пацвярджаюць ўласнаручнае прастаўленне датаў і подпісаў за вылучэнне названых прэтэндэнтаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках