2 лiпеня 2020, Чацвер, 16:39
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзіміру Арлову не далі выступіць на гістфаку

13

Сустрэчу вядомага пісьменніка і гісторыка са студэнтамі кіраўніцтва гістарычнага факультэта БДУ палічыла «несвоечасовай».

«Ён ужо быў у нас год таму. Навошта так часта», - заявілі парталу ТUT.BY у дэканаце.

«Прыкладна 10 дзён таму мне патэлефанавалі студэнты гістфака і запрасілі на творчую сустрэчу - падзяліцца ўражаннямі аб студэнцкім жыцці, - распавёў Уладзімір Арлоў. - Я прапанаваў прымеркаваць сустрэчу да міжнароднага Дня пісьменніка, які ва ўсім свеце адзначаюць 3 сакавіка. Таксама мы збіраліся правесці прэзентацыю новага выдання маёй кнігі «Імёны свабоды». Праз некалькі дзён ініцыятары паведамілі мне, што ў дэканаце адмовіліся праводзіць сустрэчу, бо ў гэты дзень на гістфаку шмат мерапрыемстваў. Да таго ж, маўляў, летась я ўжо выступаў там на Дзень роднай мовы».

Намеснік дэкана гістфака Лідзія Бярэйшык паведаміла, што «ў студэнтаў, насамрэч, была размова аб запрашэнні Арлова, аднак на сакавік нічога не планавалася». Да таго ж, яна сказала, што ўчора на факультэце праходзіла вялікая канферэнцыя сумесна з музеем Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаная пытанням калекцыявання і яго ўплыву на патрыятычнае выхаванне, секцыі якой працавалі дапазна.

- Аднак калі студэнты выказваюць жаданне, ці можна чакаць сустрэчы з пісьменнікам бліжэйшым часам?

- Ну, калі ў студэнтаў ёсць жаданне, мы не супраць, - сказала Лідзія Бярэйшык. - Толькі, можа, не ў бліжэйшы час, а крыху пазней, бо мы з Арловым сустракаліся год таму. Усе хто хацеў, задаваў пытанні, у газетах друкавалі інтэрв'ю. Зараз нашы планы перагружаны разнастайнымі мерапрыемствамі, ды і не можам мы толькі з Арловым сустракацца. Іншыя студэнты вось прапаноўваюць з Мазай (Ніна Мазай - старшыня сталай камісіі «савета рэспублікі» па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы) сустрэцца - пераносілі ўжо некалькі разоў...

- То бок, Арлоў не стаў на гістфаку персонай нон-грата?

- Не, мы з павагай да яго ставімся, ён адклікаецца на прапановы студэнтаў. Праўда, атрымліваецца, што сустракаліся, размаўлялі, а ў выніку ў інтэрнэт выстаўляюць не тыя каштоўныя погляды, якія ён выказаў, а прыколы, з чаго студэнты робяць высновы, што была адна забава. Гэта часам робіць антырэкламу справе. Пра сур'ёзнае ў інтэрнэце, на жаль, не пішуць. Нашы студэнты хоць і глыбокія людзі, але ўсялякае бывае, - падсумавала намеснік дэкана.

Нагадаем, Уладзімір Арлоў, аўтар бестселераў «Таямніцы полацкай гісторыі», «Адкуль наш род», «Краіна Беларусь» і іншых, скончыў гістфак БДУ ў 1975 годзе. У 1997-м пісьменніка звольнілі з пасады галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» «за выпуск гістарычнай і іншай сумнеўнай літаратуры».