9 траўня 2024, Чацвер, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Вазняк: Па бюлетэнях выразна відаць, як здзяйсняюцца маніпуляцыі

14

Распачатае датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-го склікання, на думку экспертаў, – цалкам недэмакратычная працэдура.

У беларускіх умовах яна прадугледжвае не столькі наяўнасць магчымасці прагаласаваць тым, хто сапраўды не можа з'явіцца на галасаванне ў дзень выбараў, колькі прымусовую яўку мноства грамадзянаў, паведамляе сайт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

– Беларускі адміністрацыйны рэсурс прымушае прыйсці на датэрміновае галасаванне як мага больш людзей, каб потым начамі да асноўнага дня галасавання займацца маніпуляцыямі з бюлетэнямі, – пракаментаваў сітуацыю з датэрміновым галасаваннем Сяргей Вазняк, чалец Менскай гарадской выбарчай камісіі, прадстаўнік партыі «Справядлівы свет». – У сапраўды дэмакратычных умовах датэрміновае галасаванне не павінна перавышаць 1-3%. Калі ж гэтая лічба, як паказваюць папярэднія выбары, складае 20-30 %, а на асобных участках (у працоўных калектывах і студэнцкіх гарадках) – усе 60-90 %, дык пра якую дэмакратыю можа ісці гаворка?

Паколькі да цяперашніх выбараў 50-адсоткавы парог абавязковай яўкі выбаршчыкаў зніжаны, гэтыя лічбы, магчыма, будуць меншыя. Аднак нават прынятыя змены ў Выбарчы кодэкс, якія патрабуюць прысутнасці кворуму з двух трацінаў складу камісіі для апячатвання выбарчых скрыняў (раней гэтую працэдуру маглі здзяйсняць два чальцы камісіі), не гарантуюць таго, што доступ да бюлетэняў ў скрыне ў «цікавым» фармаце будзе немагчымы, лічыць эксперт.

– Бюлетэні ў дні датэрміновага галасавання ўсё адно не знаходзяцца пад надзейным кантролем, і нават пячатка не спыніць тых, каму запатрабуецца замяніць бюлетэні, – упэўнены Сяргей Вазняк. – Я буду здзіўлены, калі на гэтых выбарах вынікі галасавання апынуцца не такімі, якімі іх задумала ўлада. Хоць ціск на людзей ісці галасаваць датэрмінова ўсё ж, напэўна, будзе меншы, чым у папярэднія выбары, думаю, з прымусовымі прыходамі пэўных групаў выбаршчыкаў мы ўсё адно сутыкнемся.

Чалец гарадской камісіі мяркуе, што асноўная масавая хваля датэрміновага галасавання пройдзе на 3-4-ы дзень пасля яго абвяшчэння. Як паказвае практыка, першы і апошні дні датэрміновага галасавання маланасычаныя.

– Замена бюлетэняў новымі адбываецца звычайна на пяты дзень, тады іх ужо збіраецца максімальная колькасць, – адзначыў Сяргей Вазняк. – Калі потым пачынаеш параўноўваць вынікі галасавання ў бюлетэнях з датэрміновых скрыняў і бюлетэнях, запоўненых непасрэдна ў дзень выбараў, выразна відаць, дзе здзяйсняліся маніпуляцыі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках