18 красавiка 2024, Чацвер, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўныя менскіх заводаў: «Нас ператварылі ў бяспраўнае быдла!»

43

Пра сітуацыю, якая склалася на адным з найбуйнейшых менскіх заводаў, піша сёння газета «Народная воля».

Пачуўшы па Беларускім тэлебачанні, што выйшаў Указ Аляксандра Лукашэнкі аб пераводзе працаўнікоў, якія добрасумленна адпрацавалі 5 гадоў на бестэрміновыя працоўныя дамовы, працоўны аднаго з буйных менскіх заводаў, прозвішча якога газета не прыводзіць, пайшоў да начальніка цэха і настойліва папрасіў, каб яго перавялі з кароткатэрміновага гадавога кантракту на бестэрміновую працоўную дамову. Аргументам Уладзіміра К. было тое, што за 6 гадоў працы па кароткатэрміновых кантрактах ён не атрымаў ніводнай заўвагі, ніводнага наракання ад начальства, адныя толькі падзякі і прэміі, быў прызнаны некалькі разоў лепшым па прафесіі. Пытанне працоўнага выклікала у яго раздражненне і адпаведную гэтаму рэакцыю. На пераканаўчай лаянкава-расейскай мове начальнік растлумачыў працоўнаму, што працоўных гэты ўказ не датычыць, піша «Народная воля».

«Разумееце, нас ператварылі ў працоўнае быдла, так, менавіта ў быдла, у якога няма ніякіх правоў!», - заявіў працоўны журналісту выдання.

«Хамства, лаянка, знявагі і абразы падначаленых — гэта аснова кіраўнічай працы на нашых прадпрыемствах», — сказаў ён, — і гэты стыль ідзе ад самага верху. Вы ж глядзіце прэзідэнцкія тэлешоў. А працоўных наогул не лічаць за людзей, і ўсё гэта зрабіла кантрактная сістэма, якую ўвёў Лукашэнка».

Журналіст спытаў у «скаржнікаў», што ж самі працоўныя? Чаму яны дапускаюць такое абыходжанне? Яны ж ўсё разумеюць?

«Незадаволеныя ўсе, але галоўным чынам прысутнічае абыякавасць і апатыя, але ёсць працоўныя, якія думаюць і разумеюць. Пакуль нашыя рабацягі думаюць, як выжыць і дзе зарабіць. Зарплату плацяць, і гэта задавальняе, нават калі яна стала менш. Вось цяпер дадалі», — сказаў Уладзімір. «Вось толькі адкуль грошы бяруць, незразумела. Мне давялі на ўчастак фонд аплаты працы на новы месяц 36 мільёнаў рублёў, у мінулым было 24, а выпуск прадукцыі не змяніўся», — заўважыў працоўны.

Мы перадалі гутарку з працоўнымі, бо нельга не абурацца тым, што адбываецца ў краіне. Сапраўды, Указ №164 — чарговае здзеклівае рашэнне па нібыта паляпшэнні становішча працоўных.

Ён абвяшчае:

«Наймальнік з пісьмовай згоды працаўніка, які не дапускаў парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, прапрацаваў у гэтага наймальніка не менш за пяць гадоў, пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракту мае права заключыць з працаўніком працоўную дамову на нявызначаны тэрмін».

Даецца права наймальніку, а ў працоўнага гэтыя правы даўно аднятыя. Ён, працоўны, не мае права пры добрай і добрасумленнай працы запатрабаваць у наймальніка працоўную дамову на нявызначаны тэрмін.

Наймальніку даецца права трымаць працоўнага «на кручку», здзекавацца з яго. А ў працоўнага ў гэтай нялюдскай сістэме адно права — быць маўклівым рабом!

І чым больш падобных указаў па паляпшэнні становішча працоўных, тым больш відавочнай становіцца нялюдскасць беларускай кантрактнай сістэмы. Павінна быць адно рашэнне — адмена Дэкрэту №29 , якім Лукашэнка ўвёў у 1999 годзе кароткатэрміновыя кантракты насуперак Працоўнаму кодэксу. І калі б на чале Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі былі сапраўдныя прафсаюзныя лідэры, а не «анучы», нялюдская кантрактная сістэма ўжо была б адменена.

КАМЕНТАР

Указ №164 не вырашыў праблему масавай дыскрымінацыі грамадзянаў краіны ў сферы працоўных стасункаў

Сістэма кароткатэрміновых кантрактаў, якая супярэчыць арт.17 ПК Рэспублікі Беларусь і міжнародным працоўным стандартам, працягвае дзейнічаць у Беларусі. Падпісанне прэзідэнтам Указа № 164 каментуе кіраўнік юрыдычнай службы БКДП Алена Яськова.

— Указ даў наймальніку права заключаць з працаўніком, не які дапускаў парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, прапрацаваў у яго не менш за пяць гадоў, пасля заканчэння тэрміну кантракту працоўную дамову на нявызначаны тэрмін. Г.зн. указ не прадугледжвае пасля 5-гадовага кантракту аўтаматычнай трансфармацыі тэрміновага кантракту ў працоўную дамову, якая заключаецца на нявызначаны тэрмін. Зыходзячы з сэнсу Указа № 164, наймальнік можа скарыстацца правам заключэння працоўнай дамовы на нявызначаны тэрмін, а можа і не скарыстацца, а проста звольніць працаўніка ці заключыць з ім новы кантракт.

Наогул сэнс указу вельмі сумніўны. Справа ў тым, што і да яго выдання ў наймальніка было права, а не абавязак заключаць з працаўнікамі тэрміновыя кантракты. Больш за тое, у наймальніка было і застаецца права заключаць дамовы на нявызначаны тэрмін, як пры прыёме на працу, так і пасля заканчэння, напрыклад, гадавога кантракту. Такім чынам, указ абумоўлівае дадатковыя ўмовы ўжывання гэтага права: 5-гадовы тэрмін кантракту і адсутнасць парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны. Працоўны кодэкс прадугледжвае магчымасць зняцця дысцыплінарнага спагнання, калі на працягу года працаўнік не здзейсніў новых парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Указ 164 мяркуе заключэнне дамовы на нявызначаны тэрмін з улікам дысцыплінарных спагнанняў на працягу пяці гадоў, г.зн. і тых, якія, паводле кодэкса, пагашаюцца аўтаматычна.

Варта адзначыць, што ПК утрымлівае дастатковы комплекс мераў дысцыплінарнага спагнання. Аднак у нашай дзяржаве, якая ў адпаведнасці з Канстытуцыяй з'яўляецца сацыяльнай прававой і дэмакратычнай, кіраўніцтва краіны ўжывае меры масавага дысцыплінарнага ўздзеяння праз сістэму тэрміновых кантрактаў. Прыняцце Указу №164 насамрэч не ўзмацняе абарону працоўных правоў працаўнікоў, а дае наймальнікам дадатковую магчымасць падзелу працаўнікоў на добранадзейных і нядобранадзейных і тым самым узмацняе дыскрымінацыю ў працоўных стасунках.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках