Гарбачоў: За 7 гадоў з Беларусі з'ехалі 52 тысячы прадпрымальнікаў
23- 24.08.2010, 17:50
Кожны пяты бізнэсовец, які застаўся, працуе «ў цені».
«Каля 15-20% з усіх зарэгістраваных па краіне прадпрымальнікаў - гэта ценявы бізнэс, ён цалкам схаваны і працуе, не даючы паступленняў у бюджэт. А мог бы адкрыта сёння працаваць, прыносіць нейкую карысць, калі б былі іншыя ўмовы...
Часткова, хто не пабаяўся, арганізаваў ПУПы, увайшоў у буйны бізнэс. Тут сэнс у тым, што тыя, у каго было задзейнічана шмат наёмных асобаў, проста аформілі іх у якасці дробных прадпрымальнікаў, даручыўшы ім пэўную частку вядзення свайго бізнесу.
Улада сёння кажа - вось, мы за год рэгіструем 3-5 тысяч прадпрымальнікаў. А гэта як раз тыя асобы, якія раней былі найманыя, якіх мы ж выгналі, аформілі ПУП, за паўгады вярнулі сабе назад 80% тых, каго выгналі. Яны іх аформілі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, і працягваюць тую ж самую дзейнасць... Толькі для ўлады гэта падаецца вельмі добрай радаснай лічбай - маўляў, ідуць, пачкамі лезуць у прадпрымальніцтва. Дык вось лезуць таму, што знаходзяць шчыліны з гэтага 760-га ўказу», - паведаміў у інтэрв'ю «Еўрарадыё» лідэр аб'яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.
Паводле словаў Гарбачова, сёння ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана 226 тысяч прадпрымальнікаў. За апошнія два гады колькасць павялічылася на 6 тысяч.
«Гэтыя 6 тысяч, як я казаў, у асноўным за кошт таго, што вярнуліся наёмныя. Праўда, часткова ў прадпрымальніцтва ўваходзіць моладзь, якая заканчвае ВНУ, не знаходзіць сабе ўжывання, не ідзе куды-небудзь па разнарадцы, а спрабуе адкрыць свой бізнес, у першую чаргу гэты бізнес звязаны з паслугамі - цырульні, турыстычныя фірмы, кампутарныя клубы і г. д.
Моладзь спрабуе знайсці сябе ў больш простых сферах, якія магчыма будуць запатрабаваныя на захадзе, каб потым з'ехаць. Людзі набіваюць руку... У нас тут вельмі лёгка набіць руку, таму што ў нас настолькі моцна абкладзена прадпрымальніцтва, што мы як мурашы, змеі ці вужы, выкручваемся з любой сітуацыі. І калі ён прыязджае ў Расею ці ў Польшчу, ці ў Чэхію - там усё адкрыта, свабодна - зразумелае і яснае заканадаўства. Працаваць там настолькі лёгка, што нашыя прадпрымальнікі выходзяць у лідэры», - кажа прадпрымальнік.
Паводле яго словаў, за перыяд з 2003 года з Беларусі выехалі 52 тысячы прадпрымальнікаў, у якіх раней тут быў бізнэс.
«52 тысячы прадпрымальнікаў з'ехалі з краіны ўвогуле - не проста вывелі бізнэс за мяжу, а паехалі на пастаяннае месца жыхарства ў тыя краіны, дзе яны адкрылі свой бізнэс. І гэтая плынь працягваецца, людзі з'язджаюць, хто куды можа.
Заявы, што ў адносінах да прадпрымальнікаў адбываецца лібералізацыя, застаюцца толькі заявамі», - заявіў Віктар Гарбачоў.