5 траўня 2024, Нядзеля, 19:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязні вырашылі за кратамі… жаніцца

11

У Паўла Вінаградава – вяселле праз месяц, а Зміцер Буланаў амаль угаварыў сваю нявесту на шлюб у калоніі.

Суды над удзельнікамі Плошчы скончыліся, а нявырашаныя пытанні засталіся. Краты раздзялілі адразу некалькі закаханых пар, якія не паспелі ажаніцца на волі. І калі ў будзённым жыцці ім не было куды спяшацца, то ва ўмовах, калі хлопец у турме, а дзяўчына на волі, пытанне стала рубам.

«Дзяўчына» ці «нявеста» – недастатковы статус, каб элементарна пабачыць свайго каханага, атрымаць спатканне. Застаецца – жаніцца за кратамі. Ці гатовыя дзяўчаты да такога павароту падзеяў? Еўрарадыё даследавала дзве падобныя гісторыі з рознымі акалічнасцямі.

Актывіст «Гавары праўду» Павел Вінаградаў атрымаў 5 мая 4 гады зняволення. Ягоная дзяўчына Святлана Гарохавік за паўгады следства бачыла каханага некалькі разоў у СІЗА, бо там правілы мякчэйшыя. Пасля таго, як Паўла этапавалі ў Івацэвіцкую калонію, між імі паўсталі краты. Каханыя супольна вырашылі: трэба шукаць любую магчымасць бачыцца, таму – вяселлю быць.

Святлана Гарохавік: «Крыху болей чым праз месяц у нас вяселле за кратамі. Іду на гэты крок свядома, бо Павел – вельмі блізкі мне чалавек, мы ўжо два гады жывем разам. І цяпер склалася такая сітуацыя, што мы не можам сустракацца, бачыцца. І таму, каб мець магчымасць гэтых сустрэч, мы вырашылі ажаніцца цяпер».

Актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава асудзілі на 4 гады турмы

Святлана напісала ліст у калонію з запытам пра шлюб. Ёй адказалі, што праблемы няма, адзінае, што дату прызначае кіраўніцтва калоніі, бо цырымонія адбываецца прыкладна раз на месяц-два і адразу для некалькіх пар.

Святлана Гарохавік: «Мне прыйшоў афіцыйны ліст з калоніі, як грамадзянскай жонцы. Калі ажэнімся – то будуць дазволеныя тры доўгатэрміновыя спатканні на год і тры ці чатыры кароткатэрміновыя».

На само вяселле маладыя атрымліваюць дадатковы падарунак ад калоніі – трохдзённае спатканне. Святлана ўжо высветліла, як гэта будзе выглядаць.

Святлана Гарохавік: «Тры дні даюць. Пакойчыкі падобныя да інтэрнатаўскіх. Наколькі я ведаю, у Івацэвіцкай калоніі такіх пакойчыкаў шэсць, яны ўсе ў адным калідоры. Туды заводзяць, замыкаюць дзверы. Праверка адзін раз на дзень. І мы там тры дні знаходзімся».

Правілы – што можна, а што нельга на вяселлі за кратамі – усталёўваюць у кожнай калоніі асобна. У дадзеным выпадку можна прынесці звычайныя атрыбуты – пярсцёнкі і вясельныя строі. Шлюбныя пярсцёнкі Святлана ўжо шукае, а вось белую сукенку апранаць не будзе – лічыць гэта недарэчным.

Святлана Гарохавік: «Пярсцёнкі можна будзе пранесці, але нельга будзе іх там пакінуць – я мушу забраць з сабой. Колькі гасцей можна, я яшчэ буду даведвацца дакладна. Але я ведаю, што бацькам можна дакладна. І, напэўна, сведак можна запрасіць».

Даведалася дзяўчына і ўмовы святочнага стала. Думае, што прыгатаваць будучаму мужу.

Святлана Гарохавік: «Можна везці з сабой на тры дні любую ежу. Але ён яе таксама не зможа вынесці з сабой у калонію».

Святлана Гарохавік рыхтуецца да вяселля з Паўлам, якое пройдзе ў Івацэвіцкай калоніі

Гісторыя палітвязня Змітра Буланава і ягонай дзяўчыны Надзеі Макарэвіч падобная – іх раздзялілі краты, а адсутнасць штампа ў пашпарце зрабіла спатканні немагчымымі. Зміцер атрымаў тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для каханых – вельмі доўгае расстанне. За апошнія паўгады яны бачыліся ўсяго двойчы – на судзе і адзін раз пасля прысуду. Надзея лічыць, што жаніцца ў турме (цяпер Зміцер знаходзіцца ў Магілёўскай калоніі) – значыцца, прыняць гэтыя жудасныя правілы гульні, дазволіць сябе зламаць.

Надзея Макарэвіч: «Мы два гады жылі разам. Планавалі, вядома, ажаніцца – але, магчыма, яшчэ праз некалькі гадоў. Такога жадання моцнага жаніцца не было, проста жылі».

.

Зміцер і Надзея да трагічных падзеяў на выбарах ужо два гады жылі разам.

Гэтай шчаслівай пары Зміцеру Буланаву і Надзеі Макарэвіч дазволілі пабачыцца ўсяго двойчы за апошнія паўгады.

Надзея прыйшла ў роспач, калі суддзя адмовілася даць ёй хаця б адно спатканне, каб абмеркаваць з каханым, ці жаніцца за кратамі.

Надзея Макарэвіч: «У нас інстытута грамадзянскай жонкі не існуе» – гэта мне сказала асабіста ў твар суддзя, да якой я прыходзіла прасіць спаткання. Я да яе прыйшла і па-чалавечы патлумачыла сітуацыю – што я нявеста, і нам трэба вырашыць пытанне са Зміцерам, жаніцца ці не. Яна кажа: «У вас у заяве пазначана «грамадзянская жонка». Грамадзянская жонка – гэта хто? Ніхто. Вы – ніхто! І я вам спаткання ніколі не дам».

Многім запомнілася, што яшчэ на судзе ў сваім апошнім слове Зміцер Буланаў прызнаўся Надзеі ў каханні і зрабіў прыхаваную прапанову.

Надзея Макарэвіч: «Зміцер мне адразу прапанаваў ажаніцца, ён яшчэ на судзе намякнуў на гэта. У сваім апошнім слове замест апраўданняў перад гэтымі людзьмі, ён прызнаўся мне ў каханні ў чарговы раз і сказаў: «Я спадзяюся, з грамадзянскай жонкі ты хутка станеш маёй сапраўднай жонкай». Вядома, спачатку я думала, што варта распісацца. Але потым зразумела: мала таго, што яны яго пасадзілі ні за што, спрабуюць загубіць ягонае здароўе – дык цяпер яны яшчэ і нашае асабістае жыццё спрабуюць пакласці пад гэтую сістэму, каб мы ва ўсіх ракурсах плясалі пад іхнюю дудку!»

Да зняволення Зміцер сур’ёзна захапляўся музыкай.

Апошнія два месяцы каханыя ўвесь час абмяркоўваюць у лістах пытанне, ці жаніцца ў турме. Пакуль пэўнасці няма, бо ваганні абгрунтаваныя.

Надзея Макарэвіч: «Пасля суда гэтае пытанне існуе ўвесь час. Зміцер гэтага хоча – ён расцэньвае гэта як допуск на спатканні. Аднак ён адначасова ведае, што мне гэта не вельмі падабаецца. Ён не хоча, каб я праходзіла гэтыя зневажальныя вобшукі, якія на зонах чыняць над жонкамі зняволеных перад доўгатэрміновым спатканнем – так званы «асабісты поўны дагляд». Я яго пераконваю пачакаць яшчэ некаторы час. Нам не давалі бачыцца шэсць месяцаў. Я вытрымала гэтыя шэсць месяцаў. І вытрымаю яшчэ, каб захаваць чалавечую годнасць».

Надзея Макарэвіч спадзяецца, што хутка ўсіх палітвязняў вызваляць, таму просіць Зміцера пачакаць з вяселлем у калоніі.

Дзяўчына кажа, што гатовая пайсці супраць сябе і пагадзіцца на такі шлюб, калі Зміцер будзе далей настойваць.

Надзея Макарэвіч: «Зразумела, калі ён напіша «Надзя, не магу, вельмі цяжка,» – я паеду да яго і пастаўлю гэты штамп. Але пакуль я трымаюся, ён трымаецца. Я думаю, мы вытрымаем».

Надзея кажа, што нават калі шлюб адбудзецца, ніякіх цырымоній яна ў гэтай сітуацыі не дапускае.

Надзея Макарэвіч: «Калі будзем ставіць штамп – то толькі па пошце, такі варыянт магчымы. Без цырымоній, сведак, тартоў, сукенак ды астатняга. Гэта не вяселле – гэта проста паперка, якая дае мне пропуск на зону. Мы плануем у любым выпадку зладзіць нармальнае вяселле пасля таго, як ён выйдзе».

Надзеі вельмі запомніліся адныя словы, кінутая суддзёй Людмілай Грачовай, якая пакарала ейнага каханага трыма гадамі ўзмоцненага рэжыму.

Надзея Макарэвіч: «Ведаеце, усялякія экстрым-вяселлі робяць – і пад вадой, і з парашутам скачуць. У турме жаніцца спецыяльна – неяк не прыдумалі яшчэ. Але я не думаю, што гэта добрая ідэя. Лепш, калі такая радасная падзея не звязаная з такімі ўспамінамі, і з прымусам нейкім. Суддзя Грачова мне сказала: «А што вам замінае ажаніцца?!» То бок, яна пасадзіла чалавека – а потым пытаецца, што нам замінае жаніцца, разумееце?..»

P.S. Учора Еўразвяз афіцыйна ўнёс суддзю Людмілу Грачову ў спіс неўязных асоб.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках