Чыноўнікі шыкоўна жывуць і ў крызіс
96- 8.06.2011, 14:04
Рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч п'е сок за 40 тысяч і нам рэкамендуе.
Наколькі ж улада адарвалася ад народа! «У мінулую нядзелю зайшоў у кафэ і замовіў «двайную» шклянку морквавага соку. Паміж намі кажучы, раблю гэта пры першай магчымасці - вам таксама раю. І карысна, і асвяжае. Але на гэты раз прыемнае баўленне часу трохі азмрочылася. Калі паўтары тыдні таму фрэш каштаваў 30 тысяч, то цяпер ужо – 40».
Гэта цытата з артыкула «Стоп-цена», надрукаванага 31 мая ў калонцы рэдактара «Советской Белоруссии» на першай старонцы. Разважанні рэдактара лукашэнкаўскай газеты аб прычынах падаражэння любімага напою пакінем эканамістам. Звычайных чытачоў - а «Советскую Белоруссию» ў добраахвотна-прымусовым парадку выпісваюць ва ўсіх установах - у артыкуле абурыў сам сок, піша «Наша Ніва».
«Нашыя настаўнікі за месяц атрымліваюць 700000 чыстымі! Значыць, за дзень ён і на прадукты, і на вопратку, і на камунальныя можа выдаткаваць ўсяго 23 тысячы, - распавёў нам гнеўны чытач. - Да нас пад Карэлічы прывезлі кілбасу за 40 тысяч, так людзі ішлі ў краму, як у музей, каб на ўласныя вочы ўбачыць той «цуд» А ён нам раіць шклянку соку за 40 тысяч».
Калі вярстаўся нумар з артыкулам Якубовіча, сярэдняя пенсія ў Беларусі была каля 600 тысяч. Па «старым» кошце пенсіянер мог узяць 20 порцый фрэшу.
А цяпер, нават пасля падвышэння памеру пенсій, і таго менш. Няма нічога дрэннага, калі багаты чалавек дазваляе сабе тое, чаго іншыя не могуць. Але абурае разрыў паміж прапагандай «улады для народа» і ейнай сутнасцю. У выпадковай рэпліцы Якубовіча адкрылася тая прорва, што аддзяляе цяперашняе кіраўніцтва краіны ад яе грамадзян.
У сваім артыкуле рэдактар «СБ» папракнуў айчынны бізнес у жаданні «злавіць момант», зарабіўшы грошы на неабгрунтаваным задзіранні коштаў. І прывёў у прыклад словы аднаго знаёмага пра тое, што ў Еўразвязе бізнесоўцы б'юцца за прыбытак у 5%, а нашыя «непрэстыжным» лічаць зарабляць менш за 30%.
У сувязі з гэтым хочацца нагадаць аб іншым еўрапейскім досведзе. Ці ёсць у Еўразвязе хоць адна дыктатура? Якія там адносіны паміж дзяржавай і бізнесам? Ці ёсць там прымусовая падпіска на «Советскую Белоруссию»? І, нарэшце, ці ёсць там хоць адна краіна, дзе адбылася такая дэвальвацыя, як у Беларусі?