27 красавiка 2024, Субота, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: Гэта не скарачэнне, а зачыстка

58
Анатоль Лябедзька: Гэта не скарачэнне, а зачыстка

Два тыдні таму Лукашэнка ўпершыню агучыў лічбу супрацоўнікаў КДБ і адразу ж заявіў, што трэба скараціць іх колькасць з дванаццаці да трох тысяч.

«Шмат хто паспяшаўся патлумачыць гэта фінансавымі праблемамі. Маўляў, дзяржаўны скарб моцна схуднеў. Але гэта павярхоўны погляд. І калі ўжо зганяць залішнюю вагу з атлусцелай вертыкалі, то не з сілавікоў трэба пачынаць, - каментуе ініцыятыву правадыра на сайце ucpb.org старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. - Ёсць ідэолагі, БРСМ-аўцы, чыноўнікі ад медыцыны і адукацыі і іншыя бюракраты, якіх можна бязбольна скарачаць адсоткаў на 30 без усялякай пагрозы для існай мадэлі кіравання».

Як мяркуе лідар АГП, будучая чыстка найперш закране так званую «расейскую фракцыю»: «тых, хто калісьці вучыўся, працаваў з такімі ж, але якія сядзяць у расейскіх кабінетах».

«Пад зачыстку патрапіць і «фракцыя мяккацелых»: тых, хто сумняваецца, ці трэба выконваць усялякі загад, тых, у каго занадта інтэлігентныя звычкі і ўяўленні пра абавязак. Пакінуць тых, хто гатовы абараняць Чырвоны дом са зброяй у руках. Патрэбная жорсткая селекцыя пад сітуацыю крызісу і надзвычайнага становішча», - піша палітык.

Пры гэтым Лябедзька адзначае, што «цяперашнія чысткі адрозніваюцца ад сталінскіх»: «запырсканых крывёй каменных падлог і сцен, спярэшчаных кулямі, усё ж не будзе".

«Куды падзенуцца зачышчаныя і звольненыя? Добрае пытанне. Спецыяльнага бюро працаўладкавання ствараць ніхто не будзе. Хтосьці праз старыя сувязі з'едзе ў Расею. Хтосьці паспрабуе рабіць грошы ў бізнэс-структурах. Але наўрад гэтыя людзі захаваюць ранейшую лаяльнасць да ўлады. Таму нельга выключаць сітуацыю, што нядаўнія супрацоўнікі адных і тых жа дэпартаментаў і аддзелаў ужо заўтра апынуцца па розныя бакі барыкад», - адзначае лідар АГП.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках