Пенсіянерку збілі металічным дубцом і абрабавалі
20- 10.02.2012, 11:06
Металічным дубцом 8 лютага ў вёсцы Адамоўшчына Вілейскага раёна (Менская вобласць) ва ўласным доме была збітая 73-гадовая бабуля.
У пенсіянеркі скралі 5 мільёнаў 430 тысяч рублёў і ўвялі казу.
Па падазрэнні ў злачынстве затрыманы і змешчаны ў ізалятар 23-гадовы жыхар вёскі Забалоцце, раней судзімы за крадзяжы, перадае «Рэгіянальная газета».
Здарэнне адбылося каля 9-й раніцы. Мужчына зайшоў у дом сваёй ахвяры праз незачыненыя дзверы. Аб здарэнні праз гадзіну паведаміла ў міліцыю ўнучка пацярпелай, жыхарка Вілейкі.
Бабулю з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам носа адвезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне лякарні.
Падазраванага, механіка мясцовага сельгаскааператыва, аператыўныя супрацоўнікі міліцыі шукалі з сабакам.
Раённы аддзел следчага камітэта супраць затрыманага узбудзіў крымінальную справу па артыкуле «Разбой».