20 траўня 2024, панядзелак, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іэн Кэлі: Вяртанне амбасадараў - толькі пасля вызвалення палітвязняў

12
Іэн Кэлі: Вяртанне амбасадараў - толькі пасля вызвалення палітвязняў

Амбасадар ЗША пры АБСЕ Іэн Кэлі заявіў, што вяртанне амбасадараў ЕЗ і ЗША магчымае толькі пасля безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў.

«ЗША па-ранейшаму занепакоеныя сур'ёзным парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Мы працягваем патрабаваць ад Лукашэнкі спыніць цкаванне апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і журналістаў», - заявіў Кэлі.

«Апошнія дзеянні беларускіх уладаў сведчаць пра тое, што беларускі рэжым працягвае рухацца ў напрамку ўзмацнення рэпрэсій і самаізаляцыі. І яшчэ больш аддаляе сябе ад усёй Еўропы», - дадаў дыпламат.

Кэлі выказаў шкадаванне, што ўрад Лукашэнкі прымусіў шэраг еўрапейскіх амбасадараў пакінуць Менск. Ён таксама выказаў поўную падтрымку краінам ЕЗ, якія адклікалі сваіх амбасадараў з Менска, перадае «Радыё Свабода».

Амбасадар ЗША таксама выказаў шкадаванне з нагоды прысуду Сяргею Каваленку, які, на ягоную думку, асуджаны па палітычных матывах. Кэлі сказаў, што ён таксама занепакоены станам здароўя Каваленкі і іншых палітвязняў.

Амбасадар яшчэ раз заклікаў беларускія ўлады дазволіць адкрыць офіс АБСЕ ў Менску. На ягоную думку, гэта будзе важным крокам на шляху вяртання Беларусі да міжнароднай супольнасці.

Кэлі паведаміў, што адказаў на ўсе просьбы аб вяртанні офіса АБСЕ з Менска не паступала. Па ягоных словах, над гэтым пытаннем з МЗС Беларусі шчыльна працавала Літва падчас свайго старшынства ў АБСЕ.

«Але, на жаль, агульнай мовы не знайшлі. Беларускія ўлады зацікаўленыя ў эканамічным і вайсковым супрацоўніцтве, гэта значыць у першых двух вымярэннях ў межах АБСЕ, але не хочуць больш шчыльнага супрацоўніцтва з трэцім, у галіне чалавечага вымярэння. Але мы не можам засяроджвацца на супрацоўніцтве ў нейкім адным вымярэнні, толькі ва ўсіх трох», - падкрэсліў дыпламат.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках