2 лютага 2023, Чацвер, 4:20
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Марцін Угла: Спонсары ЧС-2014 у Менску псуюць сабе рэпутацыю

16
Марцін Угла: Спонсары ЧС-2014 у Менску псуюць сабе рэпутацыю

Ні адна фірма, якая паважае сябе, не будзе фінансаваць чэмпіянат у дыктатарскай краіне.

Пра гэта заявіў кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, каментуючы сайту charter97.org зварот міжнародных арганізацый да спонсараў сусветнага першынства па хакеі 2014 года ў Беларусі.

«Падтрымка дадзенага мерапрыемства абавязкова будзе асацыявацца з аўтарытарным рэжымам. Ні адна фірма, якая паважае сябе, не захоча такім чынам сапсаваць сабе рэпутацыю», - перакананы праваабаронца.

Ён таксама падкрэсліў, што, нягледзячы на выключна фінансавую і рэкламную цікавасць спонсараў, яны не павінны забываць пра свой статус і аўтарытэт у грамадстве і свеце.

«Наша арганізацыя выступае за адмену правядзення сусветнага першынства па хакеі ў Беларусі. Мы будзем да канца за гэта змагацца, нягледзячы на тое, што ажыццявіць гэта даволі няпроста. У той час, як пэўныя колы зацікаўленыя выключна грашовым бокам пытання, мы заклікаем зірнуць і на маральны. Я спадзяюся, што сусветная грамадскасць пачуе наш голас пратэсту, і нам удасца паўплываць на сітуацыю. У любым выпадку, мы будзем прыцягваць увагу грамадскасці да праблем Беларусі: рэгулярнага парушэння правоў чалавека, існавання палітвязняў і смяротнага пакарання. Гэта павінны пачуць і зразумець, у тым ліку і тыя, хто збіраецца фінансаваць дадзенае мерапрыемства»- падсумаваў Марцін Угла.

Нагадаем, супраць правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе выступаюць праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.