26 красавiка 2024, Пятніца, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: Так як узяліся за Саннікава, не браліся ні за каго

29
Зміцер Дашкевіч: Так як узяліся за Саннікава, не браліся ні за каго

Ціск на Андрэя Саннікава ў месцах пазбаўлення волі быў беспрэцэдэнтным.

Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Былыя палітвязні Саннікаў і Дашкевіч у верасні 2011 года ўтрымліваліся нейкі час у адной камеры ў віцебскім перасыльным пункце, піша БелаПАН.

«Так як ўзяліся за Саннікава, не браліся ні за каго, напэўна, акрамя выкрадзеных Захаранкі, Красоўскага, Ганчара», - падкрэсліў сёння Дашкевіч, вызвалены 28 жніўня з гродзенскай турмы №1. Пра падрабязнасці знаходжання лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава ў турме ён распавядаць не стаў.

«Я шмат чаго бачыў. Але не лічу, што маю пра гэта права цяпер казаць», - растлумачыў Дашкевіч. Паводле яго слоў, важна не тое, напісанае прашэнне ці не, а тое, як чалавек дзейнічае цяпер.

Ён таксама заявіў, што напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі яму афіцыйна прапаноўвалі толькі адзін раз - у калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), калі «ішла хваля вызвалення палітвязняў і вызвалілі каля дзесяці чалавек».

«Да сябе запрасіў начальнік і прапанаваў напісаць, паабяцаўшы, што выпусцяць на волю. Я адмовіўся», - распавёў Дашкевіч. Неафіцыйна ж, адзначыў Дашкевіч, яму прапаноўвалі напісаць такое прашэнне шмат разоў. «Але складана сказаць, было гэта па ініцыятыве кіраўніцтва турмы або звыш», - дадаў ён.

«Я б нікому не жадаў прайсці праз такі маразм, праз які прайшоў сам», - заявіў Зміцер Дашкевіч.

«І тым не менш, ні пра што не шкадую і стратэгічна паўтарыў бы ўсё тое ж самае», - сказаў ён.

Зміцер заявіў, што будзе працягваць барацьбу ў Беларусі, але гатовы саступіць пасаду старшыні «Маладога Фронту» камусьці з маладых аднадумцаў, піша «Салідарнасць».

На прэс-канферэнцыі лідар «Маладога Фронту» таксама распавёў пра падрабязнасці затрымання ў 2010 годзе.

«Мы сядзелі ў адной кватэры, не карысталіся тэлефонамі. Паглядзелі ў акно: некалькі машын без нумароў. Уключылі інтэрнэт: суткі да выбараў, а ніхто не сядзіць. У 2006 - м, здаецца, паўтысячы пасадзілі да выбараў. Вырашылі сысці з кватэры, пайшлі ў розныя бакі. Мы ўтрох адарваліся на тралейбусе, зайшлі ў двары. Убачылі групу з шасці чалавек. Пачуў, як размаўляюць па тэлефоне: «Тут Дашкевіч стаіць, браць?». Я зразумеў, што ўсё падыходзіць да завяршэння. Сказаў Эдуарду Лобаву ўстаўляць сім- карту ў тэлефон і паведаміць пра наша затрыманне. Тут жа двое падышлі да нас. Псіхалагічна ў іх добра ўсё адпрацавана. Адзін спытаў: дай запаліць. Другі: а дзе тут 25-ы дом. Я думаў, каму адказаць, вырашыў спачатку, што трэба з цыгарэтамі разабрацца. І тут мяне павалілі.

Стала ясна, што ўсё прапала. А тыя двое пачалі крычаць: міліцыя, нас збіваюць, міліцыя! Цырк. Тут жа пад'ехаў бусік і міліцыя разабралася, хто пацярпелы, а хто казёл. Нас пагрузілі», - адзначыў Дашкевіч.

Былы палітвязень таксама распавёў пра тое, як яго білі ў калоніі.

«Калі чалавек умее размаўляць на «вы», то ўжо лічыцца вельмі культурным і адэкватным супрацоўнікам унутраных спраў. У Глыбокім штурхалі мяне разок нагамі ў ізалятары. «Зміцер Вячаслававіч, атрымаеце, калі ласка». Пасля гэтага прыходзілі ў камеру і казалі: ну ты ж не будзеш карміць нашых дзяцей. Я кажу: «Рады, што беларуская апазіцыя дапамагае вам карміць дзяцей. Потым не кажыце, што мы нічога не робім», - распавёў Зміцер Дашкевіч.

Фота: «Радыё Свабода»

Нагадаем, 28 жніўня Зміцер Дашкевіч быў вызвалены з Гродзенскай турмы. 24 сакавіка 2011 года ён быў асуджаны на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Ён быў затрыманы 18 снежня 2010 года ў Менску, за суткі да прэзідэнцкіх выбараў. У двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля лідар «Маладога фронту» разам з Эдуардам Лобавым нібыта збілі грамадзян Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава было прэвентыўнай мерай міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія прайшлі на наступны дзень. 28 жніўня 2012 года ў глыбоцкай калоніі Дашкевіч атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».

Пасля вызвалення Зміцер Дашкевіч знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам. Ён не можа пакідаць месца пражывання з 20 вечара да 6 раніцы, выезд з горада і за мяжу магчымы толькі з дазволу міліцыі.

Фота: bnp.by, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках