14 чэрвеня 2024, Пятніца, 15:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Мы павінны скарыстацца момантам, каб вярнуць прастору свабоды

38
Мікалай Статкевіч: Мы павінны скарыстацца момантам, каб вярнуць прастору свабоды
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: "Радыё Свабода"

Цяпер такі шанец ёсць - ва ўладаў звязаныя рукі.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info аб судовых прысудах пасля акцый, ціску на грамадзянскую супольнасць і сваё стаўленне да прыпынення санкцый Еўразвязу ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

29 кастрычніка ў Менску прайшла акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якая праходзіла ля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці з ініцыятывы былога палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча.

Супрацоўнікі міліцыі чарговым разам склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзькі.

- Гэта будуць не першыя адміністрацыйныя справы за акцыі, наперадзе - суды... Як вы ацэньваеце папярэднія судовыя прысуды?

- Гэта спроба запалохаць грамадства. Ва ўладаў звязаныя рукі, каб хапаць людзей падчас акцый, рэжыму патрэбныя грошы. І гэтых грошай ужо не стае. Таму яны павінны трываць нас, а мы павінны карыстацца момантам, каб вярнуць для пачатку прастору свабоды ў цэнтры Менска. Бо людзей спачатку заганялі на плошчу Бангалор, а потым ужо і тая плошча ўважалася «за шчасце». Цяпер улады не могуць масава хапаць людзей, не могуць арыштоўваць арганізатараў мерапрыемстваў, а таму абралі тактыку вялікіх штрафаў. У надзеі, што заходнія партнёры не будуць жорстка рэагаваць на такое пакаранне.

- На ваш погляд, доўга такая сітуацыя будзе працягвацца?

- Штрафы маглі б даваць бясконца, але, напрыклад, у маёй сітуацыі ёсць абмежаванні. У мяне ўжо ёсць тры адміністрацыйныя спагнанні. І цяпер уладзе трэба нешта думаць. Альбо спыняцца, альбо ўводзіць прэвентыўны нагляд за Мікалаем Статкевічам, а далей ужо і да зняволення не так далёка. І тады навошта была ўся гэтая гульня з Захадам? Я не ведаю, што будзе далей. Проста карыстаюся магчымасцю, каб зрабіць нашае грамадства больш свабодным, каб паменшыўся ўзровень страху.

- Ці адчуваеце вы на сабе нейкі ціск з боку ўладаў пасля вызвалення?

- Яго няма. Ціск на нас бывае ў нашай жа галаве. Калі нас палохаюць, а мы баімся, тады гэта ціск. Мяне, магчыма, спрабуюць напалохаць штрафамі, а мне ад гэтага проста смешна. Не бойцеся, і будзеце маладыя, прыгожыя і здаровыя!

- Як вы ставіцеся да прыпынення санкцый з боку Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі?

- Добра, што санкцыі прыпынілі, а не цалкам скасавалі. Мне, напрыклад, было б усё адно, ці паедуць беларускія чыноўнікі на закупы ў «Акропаліс». Хай бы з'ездзілі і паглядзелі на тыя кошты і параўналі з нашымі. Але я ўвесь час кажу, што тут ёсць і пэўны маральны сэнс. Гэта сігнал нашаму грамадству, што каштоўнасці свабоды і дэмакратыі, якіх вы прагнеце, - не зусім для вас. Такі сігнал цяжка людзьмі ўспрымаецца. А мы будзем даводзіць, што свабода і дэмакратыя - гэта наша. Вось выйшлі да будынка КДБ - і давялі. Паглядзім яшчэ, хто пераканае нашае грамадства. А нашы еўрапейскія калегі хай самі пільнуюць свае справы і глядзяць на тое, з кім ім сябраваць. Але, паўтаруся, санкцыі прыпынілі, але не скасавалі, таму грэх не скарыстацца дадатковай магчымасцю для працы.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках