«Перспектыва» патрабуе спыніць вайну з прадпрымальнікамі
13- 13.12.2015, 17:38
- 26,444
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Перспектыва» апублікавала маніфест «За прадпрымальніцкую Беларусь!».
У маніфесце «Перспектыва» заклікае ўладу, палітыкаў і грамадзянскую супольнасць «спыніць вайну з прадпрымальнікамі», пішуць «Беларускія навіны».
«Уся гісторыя беларускай дзяржаўнасці была гісторыяй барацьбы прадпрымальнікаў з чынавенскім бязмежжам і бюракратыяй, - гаворыцца ў маніфесце, апублікаваным на сайце «Перспектывы». - Прадпрымальнікі Беларусі хочуць працаваць на карысць краіны, для яе росквіту і павышэння дабрабыту грамадзян. Хопіць ставіць эксперыменты над бізнэсам. Мы хочам ісці за цывілізаваным светам у нагу з часам, а не жыць паводле законаў мінулага», - гаворыцца ў маніфесце.
«Перспектыва» прапануе Лукашэнку ўсталяваць наступныя асноўныя прынцыпы працы ўлады з прадпрымальніцкай супольнасцю:
- Усе пастановы ўлады датычныя бізнэсу павінны прымацца з улікам меркавання і са згоды прадпрымальнікаў;
- Усталяваць прыярытэтнасць прыватнага бізнэсу як больш эфектыўнай камерцыйнай дзейнасці, здольнай стаць асновай інтэнсіўнага развіцця нацыянальнай эканомікі;
- Перашкоду прадпрымальніцкай дзейнасці з боку чыноўнікаў расцэньваць як злачынства;
- Пераарыентаваць чыноўнікаў, якія вядуць кантрольна-наглядныя функцыі, з выканання планаў па штрафах прадпрымальнікаў на рэальную дапамогу бізнэсу ў захаванні мноства нормаў заканадаўства;
- Гарантаваць прадпрымальнікам недатыкальнасць іх маёмасці.
Заклік апублікаваны напярэдадні чарговага форуму прадпрымальнікаў, які пройдзе ў Менску 14 снежня. Яго тэма - «Будучыня прадпрымальнікаў з 1 студзень 2016 г.: наступствы, рызыкі і прапановы».
Згодна з указам Лукашэнкі №222 аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці з 1 студзеня 2016 ІП павінны будуць рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі.
Прадпрымальнікі неаднаразова заяўлялі, што не змогуць працаваць у новых умовах, бо іх пастаўшчыкі, пераважна з Расеі, альбо адмаўляюцца выдаваць дакументы на тавары, якія пацвярджаюць іх паходжанне, альбо выдаюць фіктыўныя дакументы.