БХД: Не будзем удзельнічаць у выбарах, бо не могуць вылучацца Статкевіч і Саннікаў
57- 13.06.2015, 16:08
- 7,790
Партыя БХД назвала «прэзідэнцкія выбары» палітычнай кампаніяй Лукашэнкі і Ярмошынай.
Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» прыняла пастанову не вылучаць свайго кандыдата і не падтрымліваць ніводнага з іх падчас выбарчай кампаніі 2015 года. Такая пастанова прынятая дэлегатамі ўстаноўчага з'езда партыі 13 чэрвеня ў Менску.
«Мы не будзем вылучаць свайго кандыдата, а таксама падтрымліваць кагосьці публічна. Для нас кампанія, якую рыхтуюць Лукашэнка і Ярмошына, не выбарчая, а палітычная. Мы будзем праводзіць кампанію салідарнасці з Мікалаем Статкевічам і ўсімі палітвязнямі», - адзначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Яшчэ адзін сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што ў БХД ёсць прэтэндэнты, годныя вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты. «Але мы не будзем вылучаць свайго кандыдата ў варунках, калі Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, іншыя кандыдаты на выбарах 2015 года не могуць абірацца», - сказаў ён.
Разам з тым для адстойвання права беларусаў на свабодныя і справядлівыя выбары БХД удзельнічае ў кампаніі назірання «Права выбару», мэта якой - фіксацыя рэальнай яўкі выбаршчыкаў і выяўленне фактаў прымусу і фальсіфікацый.