2 лiстапада 2024, Субота, 20:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыход выбарцаў на «выбарах» не перавысіць 30 адсоткаў

34
Прыход выбарцаў на «выбарах» не перавысіць 30 адсоткаў
Фота: AFP

Беларусы яшчэ раз прадэманстравалі, што маюць намер ігнараваць выбарчы фарс, арганізаваны ўладамі.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы інфармацыю аб тым, што Анатоль Лябедзька не змог сабраць 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.

- Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што яго камандзе не ўдалося сабраць патрэбныя 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам на прэзідэнцкіх «выбарах». Чаму, на вашу думку, гэта адбылося?

- Можна сказаць, што Анатоль Уладзіміравіч - занадта даверлівы чалавек і ён, мабыць, паверыў звесткі тых псеўдасацыёлагаў, якія сцвярджаюць, што беларусы, усе як адзін, збіраюцца ўдзельнічаць у гэтых «выбарах».

Рэальнасць апынулася зусім іншай - беларусы гэтыя «выбары» будуць ігнараваць, будуць з'явы і стыхійнага, і свядомага байкоту гэтага спектакля.

Натуральна, ёсць у гэтым і негатыўны момант: цяпер беларускія ўлады пачнуць казаць пра тое, што апазіцыя нібыта не змагла нават сабраць патрэбныя 100 тысяч подпісаў. Але Лябедзька - гэта толькі маленькая кроха апазіцыі. АГП была адзінай дэмакратычнай партыяй, якая рызыкнула паўдзельнічаць у пачатковым этапе гэтага шоу, а практычна ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі не ўдзельнічалі ў гэтых псеўдавыбарах.

І калі сябраў АГП цяпер сапраўды шкада (я думаю, яны будуць дэмаралізаваныя такімі вынікамі), то мільёнам беларусаў дэмакратычных поглядаў, якія з'яўляюцца прыхільнікамі байкоту фальшывых «выбараў», гэтая навіна надасць сіл, падыме настрой, таму што людзі атрымалі пацверджанне сваіх поглядаў і сваіх планаў.

- Вы адзначылі, што для АГП гэта сітуацыя азначае некаторы тактычны пройгрыш і цягне рэпутацыйныя страты. Ці варта было Лябедзьку наогул увязвацца ў такую авантуру, каб потым распісацца ва ўласным бяссіллі?

- Я не казаў, што для Аб'яднанай грамадзянскай партыі гэта «некаторы пройгрыш». Для АГП гэта - катастрофа, і цяпер яе сябры знаходзяцца ў стане дэмаралізацыі. Цягам многіх гадоў мы іх пыталіся, навошта яны ўдзельнічаюць у «выбарах» рознага ўзроўню - мясцовых, парламенцкіх, калі ясна, што людзі на іх не пойдуць, калі ў свой час у акрузе нават самога Лябедзькі прыход выбарцаў не перавышаў 38%.

У адказ мы заўсёды чулі, што выбары - гэта добрая трэніроўка для структур. Але ў 2010 годзе змаглі сабраць 100 тысяч подпісаў толькі два дэмакратычныя кандыдаты, якія былі беспартыйнымі.

На мой погляд, у выбарах можна ўдзельнічаць толькі ў адным выпадку - калі заклікаеш людзей на Плошчу. Сёння ж могуць быць толькі два варыянты: байкот альбо фактычнае супрацоўніцтва з рэжымам. Тыя, хто зрабіў стаўку на байкот, сёння ў выйгрышы. Тых, хто наважыў інакш, проста шкада.

Хваліць старшыню дэмакратычнай партыі за тое, што ён не стаў фальсіфікаваць подпісы, неяк не хочацца. Усё ж такі ў камандзе Лябедзькі ёсць людзі, якія валодаюць маральным аўтарытэтам - напрыклад, Юры Хашчавацкі і іншыя. Некаторыя кажуць: малайчына Лябедзька - не стаў фальсіфікаваць. Я мяркую, што гэта перабор.

- Фактычна ўся апазіцыя цяпер будзе байкатаваць «выбары»?

- І да гэтага практычна ўся апазіцыя байкатавала гэтыя «выбары», а цяпер цікавасць да гэтага мерапрыемства будзе згубленая цалкам. Цяпер усе будуць глядзець, як Лукашэнка з Ярмошынай будуць круціцца, як вужы на патэльні, калі ўчасткі апынуцца пустымі, як ва ўмовах даляра па 20 тысяч рублёў яны будуць заганяць людзей на «выбары». Думаю, што прыход на гэтыя «выбары» не перавысіць 30 адсоткаў.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках