Беларускія «Кіберпартызаны» раскрыли прычыны смерцяў расійскіх топ-менеджараў
- 22.11.2026, 17:41
- 1,468
Даныя былі атрыманыя пасля ўзлому Расстата.
Беларускія «Кіберпартызаны» заявіў на сваім сайце, што пасля ўзлому Расстата атрымалі доступ да базы пасведчанняў аб смерці. У апублікаваных імі табліцах утрымліваюцца звесткі пра 17 памерлых расійскіх бізнэсоўцаў і кіраўнікоў, у тым ліку пра траіх топ-менеджараў «Лукойла».
«Кіберпартызаны» апублікавалі табліцы з прычынамі смерцяў расійскіх бізнэсоўцаў, кіраўнікоў дзяржаўных кампаній і чыноўнікаў у 2022—2025 гадах. Паводле групы, інфармацыя ўзятая з базы Расстата.
Што вядома пра смерці топ-менеджараў «Лукойла»
Адзін з прыкладаў — віцэ-прэзідэнт «Лукойла» Віталь Робертус, які памёр 13 сакавіка 2024 года ў ўзросце 53 гадоў. Кампанія паведаміла пра яго раптоўную смерць, але прычыны не раскрыла. СМІ пісалі пра версію самагубства.

У апублікаваным запісе пазначаныя павешанне з нявызначанымі намерамі і механічная асфіксія.
«Кіберпартызаны» называюць гэта пацвярджэннем паведамленняў, што Робертуса знайшлі павешаным у кабінеце.

Нявызначанымі засталіся і абставіны смерці старшыні савета дырэктараў «Лукойла» Равіля Маганава, які 1 верасня 2022 года выпаў з акна Цэнтральнай клінічнай бальніцы ў Маскве. Кампанія тады паведаміла, што ён памёр пасля цяжкай хваробы. Паводле апублікаваных даных, у базе зафіксавана падзенне з вышыні.
Падзенні з вокнаў, агнястрэльныя раненні і самагубствы
Нявызначанымі ў апублікаваных запісах названыя абставіны смерцяў начальніцы фінансавага забеспячэння Заходняй ваеннай акругі Марыны Янкінай і віцэ-прэзідэнта «Транснафты» Андрэя Бадалава. Абодвух знайшлі пад вокнамі дамоў.


У выпадку Паўла Пчэльнікава, дырэктара па камунікацыях звязанай з РЖД кампаніі «Лічбавая лагістыка», указана агнястрэльнае раненне. СМІ паведамлялі пра магчымасць самагубства, але ў запісе такога вываду няма.

Адначасова ў чатырох выпадках самагубства паказана непасрэдна. Гэта смерці звязаных з «Газпрамам» кіраўнікоў Аляксандра Цюлякова, Юрыя Варанава і Леаніда Шульмана, а таксама першага намесніка гендырэктара «Якуцкэнерга» Ігара Шкурко, якога знайшлі мёртвым у СІЗА.
У іншых выпадках прычынамі названыя захворванні.
Беларускія хакеры пішуць, што гэта толькі пачатак расследаванняў, якія цяпер стануць магчымымі.