13 кастрычнiка 2024, Нядзеля, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкот і новыя выбары

120
Байкот і новыя выбары

Палітыкам варта сёння пакланіцца народу Беларусі.

Выдатна, што вызвалілі палітвязняў. Выдатна, што велізарная колькасць людзей у Беларусі радуецца гэтаму вызваленню, уважае яго за важную падзею ў сваім жыцці.

Значыць, салідарнасць жывая. Значыць, усё ў парадку ў нас з успрыманнем навакольнай рэчаіснасці. Значыць, «Жыве Беларусь!»

За дзень да вызвалення палітычных закладнікаў рэжыму скончыўся этап збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на «выбары». І тут людзі павялі сябе як грамадзяне і выбарцы, а не як масоўка на здымках пахабнай камедыі. Яны проста адмовілі ў сваіх подпісах усім кандыдатам. Падкрэсліваю: усім. Лукашэнка паспяшаўся абвясціць, што за яго падпісалася ледзь не палова ўсяго дарослага насельніцтва Беларусі. Гэта азначае толькі тое, што ў прыхільніка прынцыпу «вялікай хлусні» ў актыве ўсяго некалькі сотняў прымусовых подпісаў. А нават адзін прымусовы подпіс павінен весці да судовага разбору і зняцця махляра з выбараў.

Лукашэнка вельмі добра памятае, як у 2010 годзе ўжо падчас збору подпісаў яму публічна адмовілі ў падтрымцы, як пачала раскручвацца спружына народнай незадаволенасці ягоным кіраваннем. Яму дагэтуль страшна, што такое можа паўтарыцца. Але грошы авохці як патрэбныя, а даць іх можа толькі Захад, а на Захадзе патрабуюць выбараў. Вось і даводзіцца арганізоўваць цалкам кантраляванае шоў з блазнамі і фэйкамі.

Можна толькі паспачуваць тым нешматлікім актывістам апазіцыі, якія ўзялі ў ім удзел. Ці то ад адчаю, ці то на абардаж яны рызыкнулі пайсці супраць народных настрояў. І пацярпелі крах.

Народ застаўся верны свайму пратэсту супраць пазбаўлення права голасу, верны Плошчы 2010 года, праігнараваў «парламенцкія» выбары ў 2012 годзе, і цяпер ужо канчаткова выказаўся супраць усялякіх лукашэнкаўскіх выбараў.

Байкот «выбараў» ужо адбыўся.

Наўрад ці хто-небудзь у здаровым розуме будзе сур'езна ўспрымаць далейшыя спробы рэжыму прадаць свой заляжалы тавар з дапамогай засланых казачкоў і рабскіх выбаркамаў.

У Беларусі 11 кастрычніка пройдуць не выбары, а фальшывае ліцадзейства, пасля якога Лукашэнка будзе патрабаваць прызнаць яго легітымным, будзе патрабаваць у Захаду грошай для ўтрымання сваёй даўно ўжо незаконнай улады. Для чаго? Ды для таго, каб упэўнена гамаваць развіццё Беларусі.

У 2010 годзе мы папярэджвалі, што без пачатку палітычных і эканамічных рэформаў, без сумленных выбараў Беларусь чакае найглыбейшы крызіс, ад якога яна наўрад ці зможа акрыяць. Кандыдатаў у прэзідэнты пасадзілі, Расея Лукашэнку падтрымала і мацней прывязала да сябе праз мытны саюз. І вось цяпер пад кіраўніцтвам Раскі, у саюзе з Крамлём Лукашэнка прадказальна прывёў краіну да краху, фінансавага і эканамічнага.

Дыктатар напіша сабе патрэбны адсотак, але ніяк не напіша годных заробкаў і пенсій грамадзянам Беларусі. Людзі гэта ведаюць і 11 кастрычніка прадоўжаць свой пратэст супраць нахабнай улады, проста не пойдуць галасаваць.

Такі сёння, як кажуць, народны трэнд. А супраць трэнду...

Палітыкам варта сёння пакланіцца народу Беларусі. Я гэта раблю зусім шчыра і з вялікай удзячнасцю.

У такой сітуацыі апазіцыі бессэнсоўна спрабаваць шукаць спосабы ўдзелу ў будучым шоў. Трэба патрабаваць правядзення новых выбараў, з новымі кандыдатамі, з рэальнай канкурэнцыяй і пад міжнародным кантролем.

Думаю, што такі падыход - байкот і новыя выбары - падтрымае большасць рэальных, а не фіктыўных, як у падпісных лістах кандыдатаў, грамадзян Беларусі.

Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 120

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках