Прэзідэнт Польшчы Камароўскі пакідае пасаду
6- 5.08.2015, 14:34
- 8,258
Сёння апошні працоўны дзень прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага. На гэтай пасадзе яго заменіць нядаўна абраны Анджэй Дуда.
Польскія аглядальнікі не чакаюць ад новага прэзідэнта істотных змяненняў у замежнай палітыцы, у тым ліку і ў стасунках з Беларуссю і Украінай, паведамляе УНІАН.
«І «Грамадзянская платформа», і «Права і справядлівасць» - гэта праўкраінскія партыі, так жа як і прабеларускія», - адзначыў у размове з выданнем незалежны аналітык у пытаннях Усходняй Еўропы Павел Казанецкі. Гэта меркаванне падзяляе і экспэрт польскага Грамадскага інстытута Лукаш Ясіна. «Дуда будзе прадаўжаць падтрымку праеўрапейскага курсу Украіны», - перакананы Лукаш Ясіна.
У той жа час ён прагназуе, што ў ролі «адваката Украіны» Анджэй Дуда можа быць не такім эфектыўным, як ягоны папярэднік. «Пакуль цяжка прагназаваць, ці ўдасца новаму прэзідэнту пабудаваць даверныя стасункі з лідарамі ЕЗ, такімі як канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд», - адзначыў экспэрт. Ён нагадаў, што былы паплечнік і адзін з папярэднікаў Анджэя Дуды на пасадзе прэзідэнта Лех Качынскі меў няпростыя стасункі, прынамсі, з нямецкай канцлеркай Ангелай Мэркель. «Калі Дуда ўсё ж наладзіць кантакт з нямецкай канцлеркай, то гэта зможа пайсці на карысць Украіне, інтарэсы якой у ЕЗ нярэдка адстойвае Варшава», - сказаў Лукаш Ясіна.