19 красавiка 2024, Пятніца, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Вернем уладу народу!

23
Мікалай Статкевіч: Вернем уладу народу!
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Калі ўлада будзе ў руках народа, Беларусь будзе нармальнай паспяховай краінай.

Пра гэта заявіў лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч на маштабнай акцыі прадпрымальнікаў, якая праходзіла сёння на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

«Вы прынялі добры дакумент», - сказаў Мікалай Статкевіч з нагоды прынятай на мітынгу прадпрымальнікаў рэзалюцыі: патрабаваць безумоўнага скасавання ўказаў Лукашэнкі №222 і №40 і прадаўжаць акцыі пратэсту, пакуль гэта не будзе выканана.

«Але ключавыя словы там у канцы. Яны гучаць так: улада - народу! Усё тое, што адбываецца з намі, адбываецца толькі праз тое, што ў нашага народа скралі ўладу. Адзін чалавек, якому 22 гады таму беларускі народ на сумленных выбарах даў уладу на пяць гадоў, дакладней, перадаў магчымасць карыстацца ўладай пад кантролем, - падмануў народ і скраў у яго ягоную ўладу.

Ён скраў выбары, скраў магчымасць ведаць, якімі штукарствамі ён там займаецца і дзе закапаныя ягоныя мільярды. Ён ліквідаваў незалежную прэсу і тэлевізію, ліквідаваў суды. Ён, па сутнасці, захапіў краіну. Калі казаць юрыдычнай мовай: краіна захопленая бандай. Усе структуры ў краіне ператварыліся ў структуры банды. Гэта не міліцыя - гэта міліцыя аднаго чалавека, гэта ўзброеныя слугі аднаго чалавека. І такія ж суды і чыноўнікі - усё для аднаго чалавека.

І вось вынік. Калі б у народа была ўлада - хіба магла б яна працаваць супраць народа? Хіба выбраныя на чатыры гады дэпутаты, калі за імі сочаць незалежны суд і прэса, могуць зрабіць нешта супраць нас. Калі яны ведаюць, што праз чатыры гады будуць новыя выбары і народ выкіне іх з крэслаў.

А гэты чалавек сядзіць і думае сядзець вечна, а потым яшчэ перадаць уладу дзецям. І таму яму пляваць, што мы будзем думаць пра яго.

Пакуль народ не верне сабе ўладу, будзе толькі горш і горш. Сам народ нічога дрэннага сабе не зробіць: не паставіць сабе чужыя вайсковыя базы, каб потым іх бамбілі, не зробіць сябе прыдаткам іншай, вельмі небяспечнай для свету краіны, не будзе забіваць самых актыўных людзей, не будзе саджаць невінаватых.

Вернем уладу народу! Толькі тады мы зможам нармальна жыць. Калі ўлада будзе ў руках народа - Беларусь будзе нармальнай паспяховай краінай!», - Заявіў Мікалай Статкевіч.

Выступ лідара апазіцыі пратэстоўцы не раз перабівалі скандаваннем: «Жыве Беларусь!», «Статкевіч - наш прэзідэнт!» і «Мікола!».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках