28 траўня 2024, aўторак, 19:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маральны правал Еўразвязу

18
Маральны правал Еўразвязу
Андрэй Саннікаў

Чаму ЕЗ наважвае выратаваць апошнюю дыктатуру ў Еўропе замест таго, каб дапамагчы народу Беларусі?

У панядзелак, 15 лютага, Еўрапейскі Звяз прыняў пастанову зняць санкцыі з 170 чалавек і 3 кампаній у Беларусі.

Не першы раз ЕЗ здымае санкцыі з дыктатараў і не першы раз даруе «апошняму дыктатару Еўропы» (як называюць Аляксандра Лукашэнку) за ўсё тое бязмежжа, якое яго рэжым творыць у Беларусі. Аднак на гэты раз Брусэль пабіў свой уласны рэкорд цынізму.

Калі ўводзілі санкцыі пасля крывавага разгону мірнай дэманстрацыі пратэсту ў дзень «выбараў» 19 снежня 2010 года, называлі тры ўмовы для іх магчымага скасавання «неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных і істотнае паляпшэнне становішча з правамі чалавека, вяршэнствам закона і дэмакратычнымі прынцыпамі». Толькі адна ўмова было часткова выкананая - вызваленне палітвязняў, хоць за кратамі працягвае заставацца Міхаіл Жамчужны.

Праваабаронцы ў Беларусі і ва ўсім свеце неаднаразова выступалі з заявамі, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі не мяняецца. Напярэдадні пастановы ЕЗ Спецыяльны дакладчык ААН аб Беларусі Міклаш Харашці заявіў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і палітычны клімат не мяняюцца і застаюцца «змрочнымі».

Рэжым нават не паспрабаваў рэабілітаваць палітвязняў. Некаторыя з нас фармальна застаюцца судзімымі ў сувязі з незаконным асуджэннем і прысудамі да пазбаўлення волі і таму мы ўшчэмленыя ў грамадзянскіх і палітычных правах, уключаючы права балатавацца на выбарах, якія павінны быць «свабоднымі і сумленнымі» як намагае Еўразвяз, наўпрост забыўшыся пра нашу сітуацыю.

Санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі, мабыць, былі самым мяккім інструментам уздзеяння, але яны былі вельмі важныя для нас. Беларусь жыве ў сітуацыі поўнага беззаконня, калі злачынцам любога роду даруюць усё за іх лаяльнасць да рэжыму. У такіх умовах, натуральна, не існуе пакарання за злачынствы супраць апазіцыйных палітыкаў, грамадзянскіх актывістаў, незалежных журналістаў, проста грамадзян і г.д. Справядлівасць, што вымяраецца мараллю, можна чакаць толькі ад дэмакратычнага свету, у гэтым выпадку ад Еўразвязу, які можа называць рэчы сваімі імёнамі, не асцерагаючыся наступстваў. Пасля разгону Плошчы Еўразвяз скарыстаўся сваёй прэрагатывай і апублікаваў імёны злачынцаў. Гэта быў акт салідарнасці з народам Беларусі, які падвяргаецца рэпрэсіям, і акт у абарону еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Як можна было меркаваць, ні адно са злачынстваў рэжыму супраць

апазіцыі не было расследавана за ўсе пяць гадоў пасля ўвядзення санкцый, нават знікненні і забойствы, і ні адзін вінаваты не панёс заслужанага пакарання. Тым не менш Брусэль, занадта стомлены ад сваіх патрабаванняў рэабілітацыі палітвязняў, наважыў замест гэтага рэабілітаваць злачынцаў. Еўрапейскі «чорны спіс» уключаў суддзяў, пракурораў, супрацоўнікаў міністэрства ўнутраных спраў і КДБ, начальнікаў турмаў і калоній і іншых афіцыйных асоб, адказных за катаванні палітвязняў у Беларусі. Цяпер усе яны абвешчаныя невінаватымі.

Як былы вязень сумлення я магу сведчыць, што «чорны спіс» быў інструментам стрымлівання, які перашкаджаў бязмежжу не толькі ў дачыненні да палітвязняў, але і ўсіх вязняў беларускіх турмаў і лагераў. А сёння катам даравалі і выдалі ім ліцэнзію на зверствы.

Шчыра кажучы, гэтая пастанова ЕЗ была не толькі спадзяванай, але і добра падрыхтаванай самімі афіцыйнымі асобамі Еўразвязу. Яшчэ працягваліся арышты пасля разгону Плошчы ў снежні 2010 года, а кіраўніца Дэлегацыі ЕЗ у Менску шукала шляхі выратавання Лукашэнкі і яго бандытаў ад санкцый і абмяркоўвала гэта з тымі самымі бандытамі. ЕЗ уклаў велізарныя сродкі ў абгрунтаванне неабходнасці абсалютна нерэалістычных праектаў, закліканых дапамагчы Лукашэнку выжыць, такіх, як славуты «Дыялог аб мадэрнізацыі» які ў Беларусі адразу ж празвалі «Дыялог аб мадэрнізацыі ГУЛАГ».

Пазней дэлегацыя ЕЗ у Менску і чыноўнікі з Брусэлю старанна адбіралі беларускіх суразмоўцаў для заходніх візіцёраў, аддаючы перавагу тым, хто праз розныя прычыны гуляў на руку рэжыму.

Нават нядаўна створаны Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі аказвае перавагу тым, хто лаяльны рэжыму ці супрацоўнічае з ім, а не тым, хто хацеў бы змяніць невыносную сітуацыю ў Беларусі.

За некалькі месяцаў да прыняцця пастановы аб санкцыях у Менск зачасцілі высокапастаўленыя візіцёры з Еўропы, а еўрапейскія лідары рабілі заявы не пра грубыя, рэгулярныя і сістэмныя парушэнні правоў чалавека, а пра пазітыўную ролю Менска ў развязванні крызісу ва Украіне. Але ж многія аналітыкі выказваюць абгрунтаваную занепакоенасць тым, што Менскі працэс - гэта пастка, арганізаваная Крамлём для таго, каб уцягнуць Украіну і еўрапейскіх лідараў у паступовае прызнанне прарасейскіх сепаратыстаў ва ўсходняй частцы Украіны. Толькі ў Менску маглі прыняць і вітаць сепаратыстаў, і толькі ў Менску Крэмль можа забяспечыць поўны кантроль за ходам перамоваў.

Лукашэнка не спыніў і нават не прыслабіў рэпрэсіі супраць усяго грамадства і супраць апазіцыі рэжыму. Ён проста зрабіў іх менш прыкметнымі для замежнага свету, які і так лічыць за найлепшае не заўважаць якія робяцца ў Беларусі беззаконні. Менавіта праз гэту слепату еўрапейскія міністры замежных спраў разглядзелі нейкія паляпшэнні ў Беларусі і не разглядзелі бесперапынныя рэпрэсіі. Так ім камфортней.

Менавіта праз гэту слепату знікае нават логіка. Міністр замежных спраў Польшчы, напрыклад, рашуча падтрымаў зняцце санкцый і нават абвясціў, што ў найбліжэйшы час паедзе ў Беларусь, здзейсніўшы, магчыма, першы паўнавартасны візіт на такім узроўні за доўгі час. Той самы міністр, які жорстка крытыкаваў усходнюю палітыку папярэдняга кіраўніцтва - грубай памылкай якога была надзея на тое, што Лукашэнка здольны правесці рэформы і палепшыць стан з правамі чалавека ў Беларусі. Усе гэтыя надзеі абрынуліся падчас крывавага разгону Плошчы 19 снежня 2010 года да немалога здзіўлення тых, хто заўсёды ўсё ведае лепш за ўсіх.

Няма ніякіх сумневаў, што цяперашняя слабасць ЕЗ прывядзе да тых жа вынікаў. Больш за тое, надзея на тое, што Лукашэнку можна выкарыстоўваць для стрымлівання агрэсіі Пуціна спародзіць яшчэ больш подлую і нахабную агрэсію Крамля ў рэгіёне, на гэты раз з дапамогай братняга дыктатара з Беларусі. Гэта будзе гэтак жа нечакана, і, як і сёння, ніхто ў Брусэлі не будзе несці за гэта адказнасць.

Напярэдадні пастановы аб санкцыях і адразу ж пасля яе Лукашэнка наглядна прадэманстраваў адсутнасць намераў хоць нешта змяніць. Пару тыдняў таму ў залі суда збілі незалежнага журналіста Паўла Дабравольскага і яшчэ дваіх маладых людзей, якія пратэставалі супраць міліцэйскага самавольства.

Бот амапаўца на твары маладога журналіста - досыць моцны довад сапраўднай прыроды і намераў рэжыму.

Суды над актывістамі і палітычнымі лідарамі, якія пратэстуюць супраць гэтых зверстваў, працягваюцца. Сёння іх справы разглядаюць і выносяць прысуды суддзі, якія ўжо выключаныя з «чорнага спісу» і могуць працягваць тварыць беззаконне з бласлаўлення Еўразвязу.

Толькі што ў Беларусі абвясцілі яшчэ адзін смяротны прысуд.

Праз дзень пасля скасавання санкцый было абвешчана, што Расея і Беларусь прымуць агульную вайсковую дактрыну, якая будзе накіравана супраць NATO і ўнутраных пратэстаў.

Лукашэнка не хаваў сваёй радасці з нагоды пастановы ЕЗ аб зняцці санкцый. Ён пахваліў Брусэль і тут жа абвясціў, што рэформаў у Беларусі не будзе.

Еўрапейскі Звяз з'яўляецца найбуйнейшым аб'яднаннем дзяржаў, якія развіваюцца на аснове агульных каштоўнасцяў. Яны маюць права прымаць любыя пастановы для абароны сябе і гэтых каштоўнасцяў. Але, калі пастанова супярэчыць каштоўнасцям, яна пагражае самому Еўразвязу.

Застаецца пытанне: чаму цяпер? Чаму тады, калі рэжым у Беларусі слабы, а абурэнне людзей тыраніяй расце? Калі відавочна, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю дыктатуры? Калі ў ЕЗ ёсць усе інструменты для набліжэння мірных пераменаў у Беларусі? Чаму ЕЗ прымае пастанову выратаваць апошнюю дыктатуру ў Еўропе замест таго, каб дапамагчы народу Беларусі?

Гэта пастанова не мае маральнага апраўдання.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», The Interpreter

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках