Што вядома пра забойства расійскага апазіцыйнага мастака Сямёна Скрепецкага
4- 15.06.2026, 22:17
- 4,944
Грамадзяніна Расіі застрэлілі на паркоўцы ў польскім горадзе Бяла-Падляска.
У панядзелак, 15 чэрвеня, у Польшчы застрэлілі расійскага мастака, палітычнага ўцекача і крытыка рэжыму расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна Сямёна Скрепецкага. За гадзіну да забойства ён напісаў, што яму пагражаюць «расійскія патрыёты».
Пра гэта паведамілі польскія СМІ podlaski.info і wPolsce24.

44-гадовага грамадзяніна Расіі застрэлілі на паркоўцы ў польскім горадзе Бяла-Падляска (за 40 км ад мяжы з Беларуссю).
Паліцыя адразу перакрыла вуліцы горада. Мяркуемага забойцу затрымалі недалёка ад кансульства Беларусі ў Бялай-Падлясцы, у бок якога ён збег пасля страляніны. Паводле неафіцыйных звестак, піша wPolsce24, затрыманы — грамадзянін Беларусі.
За некалькі дзён да забойства Скрепецкі правёў акцыю ля амбасады Расіі ў Берліне. Ён надзеў лапці, шапку-вушанку і прымацаваў да сябе георгіеўскую стужку. Падчас перформансу ён дастаў расійскі сцяг з прарэзу ў задняй частцы штаноў і выкінуў яго ў сметніцу.
Пасля гэтага мастак хадзіў каля амбасады з карцінай, на якой намаляваны Сталін з немаўлём Пуціным.

Прыблізна за гадзіну да забойства Скрепецкі напісаў у сваім Telegram-канале, што акцыя «вельмі спадабалася расійскім патрыётам» і што яму пагражаюць згвалтаваннем.