18 траўня 2024, Субота, 20:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Акцыю 22 лютага трэба будзе пачаць з адміністрацыі Лукашэнкі

71
Мікалай Статкевіч: Акцыю 22 лютага трэба будзе пачаць з адміністрацыі Лукашэнкі
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Лідар апазіцыі заклікаў усіх удзельнікаў акцыі пратэсту прыйсці заўтра да прыёмнай адміністрацыі Лукашэнкі а 12 гадзіне.

Пра гэта Мікалай Статкевіч напісаў у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», паведамляе charter97.org.

«Цяпер ужо відавочна, што рэжым будзе развязваць створаныя ім эканамічныя праблемы выключна за кошт простых беларусаў. Спроба ліквідацыі ІП, абмежаванні на атрыманне з-за мяжы танных і якасных тавараў, усё новыя падаткі, значны рост паслуг ЖКГ - гэта яшчэ толькі пачатак рабаўніцтва народа. Вынаходзяцца ўсе новыя спосабы забраць у беларусаў іх усё больш танныя рублі. Дайшлі да таго, што прымушаюць людзей саміх пісаць заявы з «просьбай», каб ім паменшылі заробкі. І тыя пішуць.

Пакуль мы трываем, гэты рэжым будзе ў нас забіраць усё больш. Пара яго спыняць. Для пачатку яму трэба давесці, што з намі так больш нельга.

Ведаю, што ў панядзелак 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбудзецца чарговы мітынг на падтрымку ІП. Падтрымліваю гэты мітынг, але прапаную перад яго пачаткам прыйсці да прыёмнай адміністрацыі Лукашэнкі і прынесці з сабой заявы з патрабаваннем скасавання ўказу 222, адмовы ад абмежаванняў на атрыманне і асабістага ўвозу рэчаў з-за мяжы, зніжэння коштаў паслуг ЖКГ. Заявы можна і не аддаваць, але трэба прыйсці адначасова, каб самым фактам нашага масавага прыходу мы маглі паказаць нашу нязгоду са спробай улады за наш кошт ліквідаваць наступствы свайго недальнабачнага кіравання эканомікай. У іх ёсць шмат іншых спосабаў зэканоміць. Напрыклад, скараціць колькасць дармаедаў ад улады.

Заклікаю тых, хто не згодны плаціць за правалы ўлады, прыйсці да прыёмнай адміністрацыі Лукашэнкі (уваход у адміністрацыю з боку вуліцы Кірава каля «Прэзідэнт-гатэлю») а 12.00 у панядзелак 22 лютага. Гэта ваша законнае права прыходзіць у тую прыёмную са сваімі пісьмовымі ці вуснымі патрабаваннямі. Для таго ж тая прыёмная і існуе. Ніякіх дазволаў для гэтага не патрабуецца.

Пасля таго, як сваім масавым прыходам да будынка яго адміністрацыі, мы выкажам Лукашэнку сваё стаўленне да ягонай палітыкі, можна будзе перайсці на Кастрычніцкую плошчу і ўзяць удзел у мітынгу.

Калі мы будзем маўчаць і пакорліва аддаваць сваё, то яны забяруць усё.

Хто не баіцца, прыходзьце - я там буду», - напісаў лідар апазіцыі.

Нагадаем, што 15 лютага ў цэнтры Менска, на Кастрычніцкай плошчы, прайшла маштабная акцыя пратэсту ІП, якая сабрала больш за 1000 чалавек з усёй краіны. На мітынгу пастанавілі праводзіць агульнанацыянальныя акцыі пратэсту на галоўнай плошчы краіны да таго часу, пакуль улада не скасуе ўказы, што руйнуюць дробны бізнэс. Наступны такі мітынг на Кастрычніцкай плошчы Менска адбудзецца ў панядзелак 22 лютага, а 12 гадзіне.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках