Буткявічус: Літва не будзе закупляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС
- 15.03.2016, 11:02
- 28,182
Літоўскі прэм'ер Альгірдас Буткявічус разлічвае, што гэтую пазіцыю падтрымаюць і іншыя дзяржавы Еўразвязу.
Прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус заявіў, што краіна не мае намеру купляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС, якая будуецца побач, у Беларусі.
«Так, мы гэтую пазіцыю ўжо выказвалі, мы адназначна не збіраемся закупляць электраэнэргію з небяспечнай станцыі, і я думаю, што пазіцыя краін Еўразвязу павінна быць гэткай жа. Магу сказаць, што ва ўсіх высновах, якія ўдалося сфармуляваць дзякуючы нашым намаганням, гаворыцца, што важна забяспечыць ядзерную бяспеку і за межамі ЕЗ», - заявіў Буткявічус у аўторак у інтэрв'ю радыёстанцыі LRT, паведамляе delfi.lt.
Прэм'ер адзначыў, што Літва разам з партнёрамі будзе імкнуцца да таго, каб Астравецкая АЭС, якая будуецца, адказвала ўсім патрабаванням бяспекі.
«Мы прытрымліваемся пазіцыі, што Рэспубліка Беларусь павінна паскорыць выкананне стрэс-тэстаў, якія даюць ацэнку рызыкі і надзейнасці, бо, мяркуючы па той, інфармацыі, якую мы маем, дэкларацыя, падпісаная яшчэ ў чэрвені 2011 года з Еўракамісіяй, абавязвае Беларусь правесці гэтыя тэсты , але дагэтуль не выканана. Мы будзем вылучаць патрабаванні, наколькі гэта магчыма, каб праект адказваў міжнародным патрабаванням ядзернай і экалагічнай бяспецы», - сказаў прэм'ер.