Мікалай Статкевіч: Вольных выбараў можна дамагчыся толькі праз Плошчу
17- 5.08.2016, 9:02
- 16,899
На найбліжэйшых «парламенцкіх выбарах» улады рыхтуюць чарговы выбарчы фарс.
Пра гэта заявіла Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса. Адзін з лідараў апазіцыі Мікалай Статкевіч распавядае «Белсату», чаму ён заклікае беларусаў выйсці на плошчу 12 верасня на наступны дзень пасля галасавання.
- «Выбары» яшчэ не скончыліся, але вы ўжо заяўляеце, што яны пройдуць не ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі, і будуць фальсіфікацыі. Чаму?
- Выбараў не будзе, таму што выбарчая сістэма Лукашэнкі - сістэма махінацый, сістэма падмену выбараў і іх імітацыяй - некранутая, яна засталася без зменаў. Сістэма грунтуецца на ўчастковых камісіях, у якія ўваходзяць толькі прадстаўнікі аднаго прадпрыемства, школы або бальніцы - яны абавязаны па месцы працы (бо за працу ў такой камісіі адказвае кіраўнік такога прадпрыемства) падпісваць пустыя пратаколы, потым падпісваць якія заўгодна лічбы. Гэтая сістэма засталася без зменаў.
Апазіцыя спрабавала прайсці ў такія камісіі, але камісія - гэта святое. Калі кагосьці пускаюць, то толькі ў вясковых раёнах, дзе ўчасткі маленькія, і звычайна людзей, якія не вельмі вольныя ў сваіх дзеяннях, нават з ліку апазіцыі: тыя, у каго ёсць праца і могуць яе страціць, на якіх можна націснуць.
- Вы таксама планавалі ўзяць удзел у «выбарах», але вашу ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Што стала прычынай таго? Ці не таму, што ўлады загадзя прыбралі моцнага канкурэнта?
- Я не спрабаваў узяць удзел у «выбарах». Я ведаю сучасныя беларускія законы: у мяне судзімасць - я не маю права ўдзельнічаць у так званых выбарах. Па-першае, я хацеў прыцягнуць і беларускую, і міжнародную грамадскасць, што ўмовы нармалізацыі стасункаў Захаду з беларускім рэжымам - не выкананыя.
Палітвязні вызваленыя, але ні з аднаго з іх не знятая судзімасць. Па-другое, я хацеў прыцягнуць увагу да парушэння канстытуцыі. Згодна з ёй абмежавання браць удзел у выбарах праз судзімасць няма.
Паводле канстытуцыі, браць удзел у галасаванні павінны ўсе зняволеныя, хто знаходзіцца ў калоніях і турмах, за выключэннем тых, хто знаходзіцца ў СІЗА. Гэта таксама не выконваецца. Заканадаўства ўвайшло ў супярэчнасць з канстытуцыяй, але ў нас на гэта ўжо ніхто не звяртае ўвагі.
- Ваша прапанова выйсці на плошчу - адзіны шлях дамагчыся сапраўдных выбараў?
- Іншага я не бачу.
- Чаму?
- А якія? Калі вы назавяце мне іншыя - буду вельмі ўдзячны. Вельмі цяжка выходзіць і дамагацца свайго, але іншага шляху няма. Калі нейкія палітыкі, якія называюць сябе апазіцыйнымі, сцвярджаюць пра іншы шлях - яны проста хлусяць. Яны гуляюць з уладай, спадзеючыся на дывідэнды з яе боку. Гэта непрыстойна.
Рэальна - іншага шляху няма.
Улада не падорыць нам выбары, таму што інакш яна рызыкуе страціць сябе - уладу - і свабоду: там шмат злачынцаў. Таму яна ніколі не аддасць нам ўлада добраахвотна. Мы можам толькі забраць ўладу для народа ў гэтага рэжыму.
- Ці спадзеяцеся вы, што акцыя будзе масавай?
- Я раблю тое, што павінен рабіць - тое, што падказвае мне сумленне і пачуццё годнасці. Кожны чалавек павінен рабіць выбар. Гэта хай кожны вырашыць сам для сябе.