26 красавiка 2024, Пятніца, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Яўсеенка: «Узяць бы Лукашэнку ды за канвеер паставіць!»

81
Алесь Яўсеенка: «Узяць бы Лукашэнку ды за канвеер паставіць!»

У рэгіёнах спее бунт.

Раніцай 26 кастрычніка каля паўсотні механізатараў і кіроўцаў камунальнага сельскагаспадарчага УП «Крыўск» Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці адмовіліся пачынаць работу. Работнікі аграгарадка атрымліваюць па $25. У беларускіх рэаліях за такія грошы пражыць немагчыма. Улады не звяртаюць увагу на праблемы простых беларусаў і рапартуюць пра «поспехі».

Як жывуць беларускія рэгіёны, ці з'яўляюцца лакальныя бунты знакам часу? На гэтую тэму сайт Сharter97.org пагаварыў з прадстаўніком Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гомелі Алесем Яўсеенка.

- На Гомельшчыне сярэдні заробак складае блізу $100. Фактычна ў сельскай мясцовасці працы няма зусім. Можа памятаеце сітуацыю, у якую трапіў Іван Хвоін. Тады ўлады пачалі барацьбу з афрыканскай чумой і без усялякага папытання знішчылі ўвесь ягонае пагалоўе. Ніякай кампенсацыі ён не дачакаўся. Да яго на працу ўладкоўваліся аднавяскоўцы, жыхары іншых вёсак, якім проста не было за што купіць бохан хлеба, а ён даваў ім працу.

Жыхары сельскай мясцовасці знаходзяцца проста ў жахлівых варунках. У людзей забралі працу, а пенсійнага ўзросту яны яшчэ не дасягнулі. Вось таму людзі і падняліся супраць гэтай несправядлівасці. Калі чалавек жыве ў вёсцы, то што, ён чалавек іншага гатунку? А калі пасяўная пачынаецца, то ад рання да змяркання людзі працуюць.

- У Гомелі бунтуюць работніцы «Каштану», пра свой страйк заявіла полацкае «Шкловалакно». Выходзіць не ўсё так гладка на беларускіх прадпрыемствах...

- Я ўчора ўвечары вяртаўся дадому і стаў сведкам размовы супрацоўнікаў Гомельскай фабрыкі «Спартак». Яны вярталіся са змены і кажуць: «Узяць бы Лукашэнку ды за канвеер паставіць, тады б ён зразумеў, як людзі жывуць!» Людзі незадаволеныя маленькімі заробкамі, тым, што цяжка дабірацца на працу. Калі на «Спартаку», які лічыцца больш-менш стабільным прадпрыемствам, рабочыя незадаволеныя ходзяць, то што казаць пра іншых. Тут да бабкі не хадзі, што людзі злыя на гэтую ўладу.

Вось учора ўзялі ў Гомелі і павялічылі кошты на праезд. І нават нідзе пра гэта не сказалі. У цывілізаваных краінах улады прафзвязам даюць справаздачу за кожную «накінутую» да кошту капейчыну. Многія людзі настолькі ашаломленыя тым, што ў нашай краіне адбылося, што страцілі сувязь з рэальнасцю, не разумеюць, што эканоміцы прыйшоў «гамон».

Улады давялі ўсё да такога абсурду, што самі загналі сябе ў кут. Тыя пастановы, дэкрэты, усё, што яны робяць на мясцовым узроўні - такое глупства, што іх проста ніхто не выконвае. Улады не ведаюць, чым ім заняцца. Падам просты прыклад: вось надоечы работнікам аўташколы «даверылі» паўкіламетра дарогі, які яны павінны трымаць у чысціні. Cама аўташкола ніякага дачынення да гэтай дарогі не мае. Што гэта атрымліваецца? Навучэнцаў аўташколы ты не прымусіш прыборкай займацца, бо яны грошы за навучанне плацяць. Бяры мятлу - і мяці. Інструктары ўвесь час занятыя працай, калі ім гэта рабіць? Уночы?

Усе гэтыя глупствы прывядуць нашую краіну да калапсу, ды ён ужо здарыўся.

А колькі грошай ідзе на розныя кантрольныя органы, нічога не вырабляюць - а «грошыкі» атрымліваюць.

У Гомелі быў падшыпнікавы завод - закрылі, людзей выкінулі на вуліцу і зрабілі з яго краму. Завод пластмасавых вырабаў таксама закрылі.

- Вы згадалі пра закрытыя прадпрыемствы. А працоўных месцаў у нашай краіне не дадаецца. Хто маладзейшы - з'язджаюць працаваць за мяжу. Але ўсё ж не паедуць. Што рабіць беларусам, якія нікуды з'язджаць не хочуць?

- Cкажу вам так: даядуць зімой кансэрвы, саленні, джэмы - і ўбачыце, што вясной будзе. Будзе бунт. Уладам не трэба даводзіць да такога стану людзей, хай садзяцца за стол перамоў з лідарамі апазіцыі! Хай яны зразумеюць, што апазіцыянеры такія ж людзі, якія перажываюць за сваю краіну, хочуць жыць у нармальных варунках, а чыноўнікі паводзяць сябе, як дурні. Замест таго, каб усім разам распрацаваць выхад з сітуацыі, у якой мы апынуліся, яны далей заганяюць нашую краіну ў сярэднявечча. На прадпрыемствах сядзяць «ачмурэлыя» ідэолагі, якія «фільтруюць» людзей, каб толькі «правільных поглядаў» трапляліся. Вось усімі гэтымі мерамі яны і даводзяць людзей да таго, што людзі пойдуць у партызаны.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках