12 траўня 2026, aўторак, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома дата сыходу Рауля Кастра ў адстаўку

5
Стала вядома дата сыходу Рауля Кастра ў адстаўку
Рауль Кастра

Найбольш імаверным пераемнікам кіраўніка Кубы з'яўляецца першы віцэ-прэзідэнт Мігель Дыяс-Канель.

Лідар Кубы Рауль Кастра сыдзе са сваёй пасады 19 красавіка 2018 года. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на амерыканскую гішпанамоўную газету El Nuevo Herald. Адстаўка Кастра адбудзецца паводле вынікаў выбараў у Дзяржаўную раду.

У чацвер кубінскі парламент прыняў пастанову адкласці выбары ў Дзяржаўную раду на два месяцы - замест запланаванага 24 лютага яны пройдуць 19 красавіка.

У кубінскай палітычнай сістэме пасада кіраўніка дзяржавы складаецца з двух сумешчаных пасад - старшыні Дзяржаўнай рады і кіраўніка Рады міністраў. Дзяржаўная рада складаецца з 31 сябра, якія абіраюцца парламентам і выконваюць заканадаўчыя паўнамоцтвы ў перапынку паміж парламенцкімі сесіямі.

Як адзначае агенцтва Reuters, перанос абумоўлены неабходнасцю аднаўлення Кубы пасля ўрагану «Ірма», што накрыў краіну ў верасні. Шкоду эканоміцы выспы склала не менш як $2,2 млрд.

Раней Кастра неаднаразова сцвярджаў, што не будзе у 2018 годзе балатавацца на трэці тэрмін старшыні Дзяржаўнай рады. У апошні раз ён заявіў пра гэта ў чэрвені 2017 года.

Найбольш імаверным пераемнікам Кастра з'яўляецца першы віцэ-прэзідэнт, 52-гадовы Мігель Дыяс-Канель. Як паведамляе El Nuevo Herald, частка кіраўніцтва кіруючай у краіне Камуністычнай партыі скептычна ставіцца да яго кандыдатуры, адзначаючы недастатковы досвед Дыяс-Канеля. Раней ён быў міністрам адукацыі Кубы, дагэтуль узначальваў адзін з абкамаў Кампартыі.

Рауль Кастра афіцыйна ўзначальвае Кубу з лютага 2008 года, пераняўшы пасаду пасля свайго старэйшага брата Фідэля. Да гэтага ён паўтара года выконваў абавязкі прэзідэнта пасля датэрміновай адстаўкі брата праз хваробы. На працягу 30 гадоў (з 1976 года) Рауль быў першым віцэ-прэзідэнтам і фактычным пераемнікам Фідэля Кастра.

З красавіка 2011 Рауль Кастра таксама з'яўляецца першым сакратаром Кампартыі Кубы. Ці мае намер ён пакінуць і гэту пасаду, пакуль невядома. Пасаду другога сакратара партыі цяпер займае Хасэ Рамон Вентура, які да прызначэння Дыяс-Канеля ў 2013 годзе быў першым віцэ-прэзідэнтам Кубы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках