26 красавiка 2024, Пятніца, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Guardian: Баста! Беларусь зноў абуджаецца

46
The Guardian: Баста! Беларусь зноў абуджаецца

Пратэсты будуць нарастаць і колькасна, і ў сваім напале.

«Баста!» – напісана на плакатах. «Мы не рабы!» Гэта самыя папулярныя лозунгі вулічных пратэстаў, якія пракаціліся па ўсёй Беларусі.

Нагодай стаў дэкрэт Лукашэнкі, які ўводзіць падатак для тых, хто адпрацаваў менш за 183 дні за год. Сапраўдная ж прычына ў адчайным становішчы людзей у самай рэпрэсіўнай дзяржаве Еўропы.

Кульмінацыяй вулічных пратэстаў, у якіх удзельнічалі тысячы чалавек і пасля якіх улады ўжо затрымалі больш за сотню пратэстоўцаў, можа стаць шматтысячная дэманстрацыя ў Дзень Волі 25 сакавіка ў цэнтры Менска.

Сённяшнюю сітуацыю можна ахарактарызаваць так: эканамічны «цуд» выпарыўся, Лукашэнка пры ўладзе ўжо амаль 23 гады, а ў Еўразвяза хапае іншых праблемаў.

Лукашэнку тэрмінова патрэбныя грошы для выратавання эканомікі, і ён спрабуе атрымаць іх у Захаду за кошт ліберальнай рыторыкі і стварэння ілюзіі паслаблення рэпрэсіяў. Такая палітыка прынесла свой плён: летась у лютым ЕЗ адмяніў санкцыі, якія былі ўведзеныя ў дачыненні да рэжыму пасля рэпрэсіяў 2010 года.

Да разгону мірнай дэманстрацыі ў 2010 годзе Еўропа не хацела заўважаць відавочнага: Лукашэнка прайграваў прэзідэнцкія выбары і для таго, каб спыніць людзей, якія выступалі супраць ягонага рэжыму, абапіраўся толькі на сілу.

З тых часоў сітуацыя змянілася. Арабская вясна прадэманстравала, што людзі не могуць трываць тыранію, нават калі яе падтрымлівае Захад. Украіна паказала, што людзі не будуць цярпець карупцыю і хлусню, нават іх падсілкоўваюць расейскія грошы.

Сёння Беларусь зноў абуджаецца. Зноў з'яўляюцца магчымасці для рэальных пераменаў. Цяжар дыктатуры ўжо невыносны, і людзі проста не бачаць ніякай будучыні пры Лукашэнку. Менавіта таму яны выкарыстоўваюць адзіную магчымасць, якая яшчэ засталася ў іх, – вулічныя пратэсты.

Беларусам патрэбныя перамены. Людзі хочуць, каб гэтыя перамены былі мірнымі, праз свабодныя выбары пад міжнародным кантролем.

Як і ў 2010 годзе, Захад не заўважае новай сітуацыі ў Беларусі. Але яна змянілася, асабліва калі браць пад увагу агрэсіўную палітыку Расеі ў рэгіёне.

Беларусы пакуль пратэстуюць мірна, і хочуць усё ўтрымаць у мірным рэчышчы. Не трэба ім падсоўваць прыдуманы рэжымам і падхоплены ў заходняй прэсе аргумент, што пратэсты выгодныя Крамлю і што Расея можа скарыстацца гэтай сітуацыяй для ўварвання. Беларусы хочуць пазбавіцца ад рабства не дзеля Крамля ці Захаду, але дзеля саміх сябе і будучыні сваіх дзяцей.

Пратэсты будуць нарастаць і колькасна і ў сваім напале, паколькі эканоміка ўсё больш скочваецца ў прорву, такую глыбокую, што ні грошы Крамля, ні крэдыт МВФ яе ўжо не выратуюць.

Любая фінансавая дапамога рэжыму з Захаду хутчэй за ўсё пойдзе на аплату ваенных вучэнняў з Расеяй, такіх, як «Захад-2017», якія, паводле словаў Лукашэнкі, праводзяцца для бяспекі грамадзянаў.

Беларусам гэтыя вучэнні не патрэбныя, не патрэбныя расейскія войскі на тэрыторыі краіны і не патрэбнае нарастанне напружанасці ў рэгіёне.

Падтрымаць Беларусь Захад мог бы тым, што зразумеў бы нарэшце, у чым корань праблемаў, якія выклікалі масавыя пратэсты, і дапамог іх развязаць.

Пачаць можна было б, да прыкладу, са свабодных выбараў.

Час ужо бачыць у Беларусі незалежную дзяржаву, а не закладніка Лукашэнкі ці расейскага прэзідэнта Пуціна.

Час ужо перастаць варажыць, што Крэмль зробіць ці не зробіць, калі сітуацыя ў Беларусі пачне мяняцца, а быць гатовым да такіх зменаў, грунтуючыся на прынцыпах міжнароднага права, што азначае неадкладнае пакаранне за агрэсію або спробу акупацыі.

Андрэй Саннікаў, лідар «Еўрапейскай Беларусі», The Guardian

Пераклад: Charter97.org

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках