19 сакавiка 2024, aўторак, 14:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнт выйграў суд супраць ілжэсведак у пагонах

41
Студэнт выйграў суд супраць ілжэсведак у пагонах
РАМАН ПРАТАСЕВІЧ
ФОТА: SVABODA.ORG

Блогер Раман Пратасевіч у судзе давёў, што здаваў экзамен, калі міліцыя «бачыла» яго ў Курапатах.

Прынесці даведку з ВНУ і прывесці сваіх выкладчыкаў у суд спатрэбілася студэнту 3 курса журфака БДУ, блогеру Раману Пратасевічу, каб давесці, што ён здаваў экзамен раніцай 25 лютага. Справа ў тым, што ў гэты час міліцыянты, мяркуючы па адміністрацыйнаму пратаколу, бачылі яго на акцыі ў Курапатах, піша tut.by.

Суд над блогерам пачаўся яшчэ 10 красавіка. На Пратасевіча склалі пратакол за ўдзел 25 лютага ў несанкцыянаванай акцыі ў Курапатах. У пратаколе правапарушэння было паказана, што студэнт «актыўна ўдзельнічаў у незаконным пікетаванні на будаўнічай пляцоўцы па адрасе: вул. Мірашнічэнкі, 49». Паводле звестак міліцыі, ён быў там а 10.00.

Але Пратасевіч прынёс даведку з дэканата, што ў гэты дзень ён здаваў экзамен на журфаку, які доўжыўся з 10.00 да 12.00 па прадмеце «мова і стыль СМК». Гэтага аказалася недастаткова, і суддзя Дзмітрый Цыкал выклікаў у суд сведкамі выкладчыкаў, якія прымалі экзамен у Пратасевіча 25 лютага. Сёння яны прыйшлі ў суд.

Дацэнтка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання журфаку БДУ Вольга Горбач распавяла, што студэнты рыхтуюцца да адказу ў прысутнасці выкладчыкаў. Пераздача экзамену праходзіла з 10 да 12 гадзін. Са слоў выкладчыка, Пратасевіч быў на кафедры да 11.30−11.40.

— Здаў? — спытаў суддзя.

— Вы ведаеце, нават на 5 здаў. Да гэтага была курсавая на 4, там шмат спісаў. А тут, напэўна, баяўся, падрыхтаваўся. Я нават узрадавалася, што не на 4.

Старшы выкладчык Маргарыта Цыбульская таксама пацвердзіла, што Пратасевіч 25 лютага здаваў экзамен, але сама ўжо не памятае, з якога часу да якога часу ён знаходзіўся на кафедры.

— Ён нядрэнна здаваў дарэчы, зрабіў нядрэннае ўражанне.

Суддзя пайшоў у дарадчы пакой, а калі вярнуўся заявіў, што віна Пратасевіча не даведзеная.

— Справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Пратасевіча спыніць за недаказанасцю яго вінаватасці.

Сябры Пратасевіча і іншыя актывісты ў залі сустрэлі пастанову суддзі апладысментамі.

Раней Пратасевіч адбыў 10 дзён арышту пасля затрымання на акцыі 26 сакавіка ў Менску каля Кастрычніцкай плошчы.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках