Павел Севярынец: «Вясна» павінна прызнаць фігурантаў «справы патрыётаў» палітвязнямі
14- 17.04.2017, 12:59
- 22,205
Не трэба рабіць выгляд, што ідзе нейкі «прававы працэс» - гэта груба сфабрыкаваная палітычная замова.
Пра гэта Charter97.org заявіў адзін з лідараў аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.
- Ці можна назваць беларускіх патрыётаў, якія праходзяць па «справе Белага легіёну» палітвязнямі?
- Людзі, якія праходзяць па «справе патрыётаў» - гэта, безумоўна, палітычныя зняволеныя. Як паказвае сітуацыя з «маладафронтаўцамі», якіх арыштоўвалі па гэтай справе, а затым без усялякіх тлумачэнняў і выбачэнняў адпусцілі – гэта абсалютна палітычная справа.
Як сведчыць грубы «чорны піяр» па БТ, за гэтай справай не стаіць нічога, акрамя прапаганды. І горш за ўсё тое, што гэта прапаганда арыентавана на Крэмль. Лукашэнка паказвае Пуціну, што ён тут «ваюе» з міфічнымі «баевікамі», гатовымі абараняць Беларусь ад імперыі.
Гэта справа настолькі шытая белымі ніткамі, што гэта відаць нават паводле прапагандысцкіх артыкулаў у «Саўбеліі» і сюжэтах БТ. Тут проста не застаецца ніякіх пытанняў.
Людзей, як і ў 1937 годзе, бралі паводле прынцыпу хоць якіх-небудзь сувязяў з беларускім нацыянальным рухам. Пры гэтым адбіралі фізічна развітых хлопцаў – ніякіх больш крытэрыяў тут няма. І цяпер абсалютна невінаватых людзей трымаюць у турме і абвінавачваюць у цяжкім крымінальным злачынстве.
Безумоўна, што гэтыя людзі – палітвязні. Безумоўна, што патрэбна масавая кампанія салідарнасці з затрыманымі хлопцамі. Цалкам падтрымліваю сваякоў і актывістаў, якія змагаюцца за вызваленне тых хлопцаў, што праходзяць па «справе патрыётаў».
- Чаму трэба афіцыйнае прызнанне гэтых людзей палітвязнямі? Наколькі гэта можа палепшыць іх становішча?
Афіцыйнае прызнанне гэтых хлопцаў палітвязнямі з боку некалькіх праваабарончых структур Беларусі паставіць еўрапейцаў перад выбарам. Зараз еўрапейскія палітыкі працягваюць, нягледзячы ні на што, так званы «дыялог» з Лукашэнкам. Працягваюцца і перамовы рэжыму з Міжнародным валютным фондам.
І ў гэтай сітуацыі тры дзесяткі палітвязняў, якія сядзяць у турме ні за што, ставяць Захад перад фактам маральнага правалу.
Калі тыя, што праходзяць па «справе патрыётаў» будуць афіцыйна прызнаныя палітвязнямі, гэта вымусіць еўрапейцаў дамагацца іх вызвалення. Захад зможа ставіць умовы рэжыму Лукашэнкі. А час цяпер такі, што рэжым апынуўся ў глыбокім крызісе праз адсутнасць грошай, і нявінна затрыманых людзей можна проста выратаваць. І прызнанне іх палітвязнямі як мага хутчэй – вельмі неабходна.
Нагадаю, што многія праваабарончыя структуры і палітыкі ўжо прызналі фігурантаў «справы патрыётаў» палітвязнямі. Гэта і форум «Свабоду палітвязням Беларусі», і экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў і праваабаронца Алег Воўчак, і такія вядомыя палітыкі, як Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, прыхільнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Таму адзіна правільная пазіцыя – прызнаваць затрыманых хлопцаў палітвязнямі, ставіць Еўропу перад жорсткім выбарам патрабаваць вызвалення хлопцаў.
- Чаму тады такая вядомая праваабарончая арганізацыя, як «Вясна», адмаўляецца гэта рабіць? Як вы пракаментуеце яе пазіцыю?
Сёння будзе сустрэча з праваабаронцамі «Вясны». Я паспрабую пераканаць іх у тым, што гэта трэба зрабіць як мага хутчэй. Калі «праблема» ў тым, каб атрымаць больш інфармацыі – калі ласка, мы дамо гэтую інфармацыю. Яе дастаткова і ў сваякоў затрыманых, і ў адкрытым доступе ў сетцы.
Каб зрабіць высновы аб сфабрыкаванасці гэтай справы – не трэба нават знаёміцца з яе матэрыяламі. Усёй Беларусі, зразумела і бачна, што гэта за справа. Дзіўна, што ў праваабаронцаў могуць узнікаць нейкія сумневы.
Хачу звярнуцца да юрыстаў і праваабаронцаў «Вясны»: вы павінны прызнаць затрыманых па «справе патрыётаў» палітвязнямі! Гэта проста: як чорнае і белае. Чорнае-заўсёды застаецца чорным, а белае – белым. Якія тут яшчэ могуць быць пытанні і ўдакладненні?
Трэба вам больш інфармацыі – калі ласка, за тры дні мы перакапаем усю інфармацыю: у бацькоў арыштаваных, у сетцы, у адвакатаў. Давайце гэта зробім хутка і не будзем рабіць выгляд, што тут ідзе нейкі «прававы працэс» і рэальная «крымінальная справа». Гэта абсалютна палітычная справа, аформленае па замове з Крамля. Заказ, які беларускія ўлады аформілі груба і абы-як. І гэта відавочна.