26 красавiка 2024, Пятніца, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пацярпелага падчас тэракту ў Пецярбургу беларуса выпісалі з лякарні

Пацярпелага падчас тэракту ў Пецярбургу беларуса выпісалі з лякарні

Юрый Шушкевіч правёў у шпіталі 20 дзён, яму зрабілі тры аперацыі.

Але пакуль на працу мужчыну вяртацца рана: наперадзе ў яго рэабілітацыя, піша tut.by.

- Самаадчуванне ў мяне добрае. Хаджу нармальна, - усміхаецца 53-гадовы Юрый Шушкевіч.

У аўторак, 25 красавіка, пацярпелага ў тэракце беларуса выпісалі з пецярбуржскай лякарні. Нагадаем, 3 красавіка ён апынуўся ў эпіцэнтры падзей. Спусціўся пасля сустрэчы з сябрам у метро, сеў у вагон, і амаль адразу прагрымеў выбух. Юрыя з раненнямі галавы, рук, ног і кантузіяй даставілі ў гарадскі шпіталь №26. Крыху пазней ён раскажа, што «часта трапляе ў нейкія непрыемнасці, таму ў паніку не кідаецца і ўмее ўзяць сябе ў рукі».

Юрый Шушкевіч родам з Ваўкавыска, пяць гадоў таму прыехаў у Пецярбург і уладкаваўся працаваць на чыгунку. Кажа, пытанне аб кампенсацыі, якую абяцалі выплаціць пацярпелым, пакуль не разгледжанае.

- Трэба, каб на руках былі ўсе дакументы, высновы камісіі, каб вызначыць цяжар цялесных пашкоджанняў. Мне зрабілі тры аперацыі, наперадзе рэабілітацыя, пакуль лекары не дазваляюць хадзіць на працу. Ведаеце, на чыгунцы апублікавалі маю фатаграфію, нумар рахунку і людзі добрыя пералічылі там нармалёвую суму, дзякуй ім, - распавядае Юрый Шушкевіч. - Яшчэ мне абяцалі прапанаваць курорт. Але я, напэўна, паеду на радзіму ў Белавежскую пушчу, на роднай зямлі неяк лепей будзе.

- Адразу пасля тэракту вы папрасілі родных з Беларусі не прыязджаць да вас у шпіталь. Яны вас паслухаліся?

- Вядома! Навошта іх турбаваць праз такія дробязі? Маёй маме 80 гадоў, патэлефанаваў, супакоіў. Сказаў, што ў мяне пара драпін, ледзь аглушыла і ўсё.

3 красавіка, пад 14.40 паводле менскага часу, у метро Санкт-Пецярбурга адбыўся выбух. Загінулі 16 чалавек, больш за 50 чалавек пацярпелі. Адказнасць за тэракт у метро Санкт-Пецярбурга ўзяла на сябе групоўка, звязаная з Аль-Каідай.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках