26 красавiка 2024, Пятніца, 19:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Казлоў: Афрыканскія замашкі Лукашэнкі патрабуюць псіхіятра

93
Мікалай Казлоў: Афрыканскія замашкі Лукашэнкі патрабуюць псіхіятра

Пакуль беларусы эканомяць на ежы, дыктатар купляе дарагія цацкі.

На днях стала вядома пра набыццё для Менскай ДАІ за кошт дзяржбюджэту 28 новенькіх нямецкіх матацыклаў BMW. Кошт пытання – паўмільёна даляраў.

Можа быць, гэта і не вельмі шмат у маштабах дзяржавы, але калі параўнаць гэта са станам беларускай эканомікі і ўвесьчаснымі фактамі пра новыя рэзідэнцыі і іншыя «цацкі» Лукашэнкі – атрымліваецца ўражлівая карціна.

«Дыктатар заграз у афрыканскай раскошы», – заявіў у каментары Charter97.org падпалкоўнік міліцыі ў запасе, апазыцыйны палітык Мікалай Казлоў.

– Як Вы ацэньваеце факт набыцця за $ 500 тысячаў новенькіх нямецкіх матацыклаў для сталічнай ДАІ? Наколькі гэта своечасовы набытак з улікам таго, што Лукашэнка патрабуе ад народа эканоміць на ўсім?

– На мой погляд, гэта можна ахарактарызаваць толькі адной фразай: «Пір падчас чумы». Беручы пад увагу эканамічную сітуацыю ў Беларусі, гэты рост беспрацоўя, гэтую галечу, аддаваць такія грошы на матацыклы для ДАІ – гэта ўжо празмерна.

Гэта яшчэ раз паказала, як сённяшняя ўлада ставіцца да беларускіх грамадзянаў, да народа, як яна «клапоціцца» пра людзей. Адным словам: «сацыяльная дзяржава» ў дзеянні. Для міліцыі – матацыклы за паўмільёна даляраў, а ў той самы час беларускім дзецям самі грамадзяне збіраюць грошы на аперацыі, якія не можа прафінансаваць дзяржава.

У мяне ў галаве такія «прыярытэты» ў тратах проста не ўкладваюцца. Мы ўсе разумеем, што гэтыя новенькія матацыклы патрэбныя ў асноўным для таго, каб суправаджаць Лукашэнку па пустым горадзе на ўсякія мерапрыемствы.

Уяўляеце: купіць у жабрацкай краіне на паўмільёна новыя замежныя матацыклы толькі дзеля таго, каб у суправаджэнні бліскучага эскорту «рассякаць» па паўпустым горадзе! Гэта нейкая нездаровая гігантаманія.

З гэтай жа оперы – велізарная колькасць рэзідэнцыяў коштам ад $ 40 мільёнаў, шалёная колькасць аховы і міліцыі. Мне здаецца, пытанне зрушыла ўжо ў сферу псіхіятрыі. Напэўна, трэба зірнуць на гэта з медыцынскага гледжання. Па-іншаму гэта растлумачыць немагчыма.

Дзіка глядзяцца ўсе гэтыя самалёты, шрубалёты, матацыклы, немагчыма дарагія «Майбахі» ў абсалютна беднай краіне! Я на свае вочы бачыў, што ў гарадах і вёсках цяпер у беларусаў пытанне стаіць ужо пра ежу. Новыя матацыклы за паўмільёна – гэта проста плявок у бок усяго народа.

Дыктатар абсалютна не думае пра людзей. Усе грошы, атрыманыя ад падаткаплацельнікаў, Лукашэнка і ягоная камарылля трацяць выключна на свае інтарэсы. Час спыняць гэтае бязладдзе

– Карціна, якую Вы апісалі, нагадала рэаліі лацінаамерыканскіх дыктатураў... Вы не знаходзіце падабенства: дарагія аўто, матацыклы для аховы – і народ, які працуе за ежу і лісце кокі?

– Паралелі відавочныя. Нездарма ж яны сябрамі былі – Лукашэнка і Уга Чавэс. І справы іх падобныя: Уга давёў сваю краіну да галечы і Лукашэнка даводзіць Беларусь да галечы.

Але яшчэ больш, чым кіраўнікоў Венесуэлы, замашкі Лукашэнкі нагадваюць паводзіны афрыканскіх царкоў. Уся гэтая шалёная раскоша, якой ён сябе акружае, ягоныя погляды на жыццё, жаданне пусціць пыл у вочы – ёсць у гэтым нешта афрыканскае.

У той самы час усё часцей і часцей мы чуем то тут, то там пра новыя паборы з людзей: ужо практычна ні адна сфера жыцця не абыходзіцца без скандалаў. На рамонты дзіцячых садкоў, школаў збіраюць «з усяго свету», уключаючы шматдзетныя сем'і. Такіх прыкладаў маса, таму што людзі ўвесь час тэлефануюць і абураюцца.

На гэтым фоне раскоша дыктатара перасягнула ўсе межы здаровага сэнсу. Падобна на тое, што і цярпенне ў беларускага народа ўжо заканчваецца. Усё часцей і часцей чуваць абураныя галасы, становіцца вядома пра стыхійныя выступы, акцыі, нават забастоўкі.

Такі лад жыцця, як у Лукашэнкі, можна яшчэ ўявіць, але не ў збяднелай дзякуючы яму Беларусі, а ў багатай краіне Персідскага заліва. Але ў нас гэта проста абурае. Думаю, гэта глыбокія псіхалагічныя праблемы, якія сыходзяць каранямі ў самае дзяцінства: мець толькі для сябе самае лепшае, а астатнія хай выжываюць, як хочуць.

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках