28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэст у Берасці: «Ахоплівае пачуццё гонару за землякоў»

33
Пратэст у Берасці: «Ахоплівае пачуццё гонару за землякоў»

У Беларусі рэгулярна адбываюцца падзеі, якія пацвярджаюць, што цярпенне народа сканчваецца.

«Новы інфармацыйны год пачаўся ў Берасці з бомбы. На мяжы двух гадоў - 2017-га і 2018-га - гараджане і жыхары раёна даведаліся, што ў іх пад бокам пачаў будавацца акумулятарны завод з поўным цыклам вытворчасці», - піша журналістка «Брестской газеты» Людміла Селех.

«Нягледзячы на тое што інфармацыя з'явілася ў перыяд навагодніх і калядных святаў, эфект яна зрабіла проста дзіўны. Па горадзе і прыгарадзе пакацілася ланцуговая рэакцыя: у сацсетках, на форумах, у мэсэнджарах разгарнулася сапраўдная кампанія супраць будаўніцтва.

Раніцай 5 студзеня калегі запрасілі мяне з'ездзіць з імі да пляцоўкі заводу, каб паглядзець, што там цяпер адбываецца, зрабіць фота- і відэакадры і, калі ўдасца, пагутарыць з кім-небудзь з кіраўніцтва будучага прадпрыемства.

Перад уваходам на пляцоўку мы ўбачылі групу людзей, якія, як высветлілася, прыехалі ў тым ліку з Берасця, каб выказаць сваё меркаванне з нагоды будаўніцтва заводу і паспрабаваць знайсці адказы на пытанні, якія іх цікавяць. Мужчыны і жанчыны, маладыя і старэйшыя, сельскія жыхары і гараджане, людзі рознага дастатку, адукацыі, палітычных поглядаў. Усіх іх аб'яднала трывога за будучыню, за сваё здароўе і здароўе дзяцей.

Я слухала гэтых людзей, і мяне ахоплівала пачуццё гонару за сваіх землякоў. Упершыню за доўгі час я адчувала яднанне, салідарнасць берасцейцаў, гатоўнасць бараніць свае правы і інтарэсы. Аналагічныя пачуцці я адчувала і амаль год таму, на Маршы недармаедаў у Берасці 5 сакавіка, у якім бралі ўдзел больш за тысячу чалавек. Пасля гэтай і іншых акцый, накіраваных на барацьбу з дэкрэтам №3, улады былі вымушаныя адступіць, адправіць яго на дапрацоўку, але паводле факта проста зліць.

Як тут не ўспомніць і абарону Курапатаў у лютым мінулага года, калі актывісты і мясцовае насельніцтва супраціўлялася ўзвядзенню бізнэс-цэнтра на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Абаронцы разбілі намётавы лагер, клаліся пад будаўнічую тэхніку і абаранілі тэрыторыю.

Як тут не сказаць пра ўтульны раён у цэнтры Менска - Асмалоўку, усе дамы якога паводле генплана павінны былі зруйнаваць. У падтрымку старога раёна было сабрана 9 тысяч подпісаў, сітуацыя шырока асвятлялася ў СМІ, і дэталёвы план, які прадугледжвае зруйнаванне Асмалоўкі, не быў прыняты.

Як тут не згадаць пра смерць Сашы Коржыча ў Печах, якую Міністэрства абароны спрабавала замяць, спісаць на суіцыд, але пад ціскам грамадскасці было вымушанае рэагаваць.

Гэтыя падзеі пацвярджаюць, што цярпенне народа ўсё ж не бясконцае. І калі падзенне ўзроўню жыцця людзі яшчэ сяк-так стрываюць, то калі гаворка ідзе пра здароўе, жыццё і маёмасць, лепш не будзіць у іх звера».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках