Беларуска аднесла ў лес $10 тысяч і пакінула іх у дупле
3- 21.08.2026, 21:52
- 1,416
Новая махлярская схема.
Пенсіянерка з Скідзеля страціла свае зберажэнні, пакінуўшы іх у лесе. Праз дупло на «легалізацыю» яна перадала $8,4 тыс. і €1000. У беларускім эквіваленце сума склала 27,6 тыс. рублёў.
Пра новы спосаб махлярства расказала газета «Гродзенская праўда».
Пажылая жанчына стала ахвярай міжнароднай злачыннай групы. Злачынцы звязваліся з ёй праз Viber і Telegram і пераканалі, што яе зберажэнні знаходзяцца пад пагрозай. Паводле іх версіі, грошы трэба было тэрмінова «праверыць» і «легалізаваць».
Махляры аказвалі на пенсіянерку такі моцны псіхалагічны ціск, што яна забрала з дому ўсе зберажэнні і накіравалася ў лес. Злачынцы загадзя пазначылі ёй прыкметнае дрэва, дзе трэба было пакінуць грошы.
Жанчына паклала пакет са зберажэннямі ў дупло і пакінула лес. Пасля гэтага грошы забраў кур’ер, які дзейнічаў у складзе злачыннай групы.
Следчыя ўстанавілі, што арганізатары схемы знаходзіліся па-за межамі Беларусі. Па факце махлярства ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 209 КК Беларусі.