26 красавiка 2024, Пятніца, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка балюе, як астатнім разам?

133
Лукашэнка балюе, як астатнім разам?

Дыктатар і ягоная світа ладзяць «балі падчас чумы».

«Жыццё ў нас не цудоўнае і нават не добрае. Пакуль мы жывем прымальна», - словы Лукашэнкі, сказаныя падчас прыёму ў гонар старога Новага года абляцелі ўсе беларускія СМІ. 12 студзеня ў «БелЭкспа» дыктатар зладзіў для сваіх набліжаных шыкоўны карпаратыў.

На мерапрыемства запрасілі зорак беларускай і замежнай эстрады: Таісію Павалій, выступ якой ацэньваецца ад 23 тысяч даляраў, Мікалая Баскава - выступ каштуе блізу 80 тысяч еўраў, Рыгора Лепса - блізу 100 тысяч еўраў.

Сапраўды, цалкам «прымальна» жыве дыктатар і яго набліжаныя. У той жа час жыццё паспалітага беларуса не выглядае так весела: кожны трэці грамадзянін нашай краіны трапляе пад катэгорыю «абсалютнай беднасці». На фоне ўсеагульнага збяднення такі баль падчас чумы выглядае асабліва цынічна, заявіў у інтэрв'ю сайту Charter97.org адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, паэт Уладзімір Някляеў:

- Калі Лукашэнка кажа «ў нас», ён не мае на ўвазе нас з вамі. Але мае на ўвазе самога сябе і тых, хто прысутнічае на такіх мерапрыемствах, якія былі праведзеныя ў «Белэкспа» пад назвай «прыём у гонар старога Новага года».

Наогул, са шкадаваннем павінен прызнаць, што за права выступаць, паказвацца на такіх гулянках ідзе даволі жорсткая барацьба паміж прэтэндэнтамі. Прычым, ва ўсіх сферах, а не толькі ў сферы культуры, для «якасці» якой пастаўляюцца даволі вялікія грошы з Масквы.

Напрыклад, дзяржаўныя чыноўнікі лезуць са скуры прэч, каб прысутнічаць на самых пышных мерапрыемствах года, а святкаванне старога Новага года, сапраўды, самае гулянае і «хатняе». Там збіраюцца, паверце, тыя, якім усяго стае і якія жывуць добра.

Ведаеце, аўтарытарная і дыктатарская сістэмы праз такія подкупы, «набліжэнне да цела» ствараюць сабе верных слуг. Слуг, якія выдатна разумеюць, што толькі на службе рэжыму яны могуць нешта зарабіць.

На такіх гулянках таксама разглядаюцца многія кулуарныя пытанні, звязаныя з назначэннямі, рангамі і гэтак далей. Напрыклад, возьмем Саладуху. Многія думаюць, што ён не можа быць заслужаным артыстам. Можа! У нас хто хочаш можа атрымаць годнасць заслужанага ці народнага артыста. Варта толькі Лукашэнку надумаць прысвоіць такі «тытул».

Але ўсё гэта адступае, калі цяпер стаіць пытанне аб самім існаванні Беларусі. Будзе яна незалежнай краінай ці вернецца да таго стану калоніі, якой была ў часы СССР... І што наогул будзе далей з нашай гісторыяй, чалавечай і нацыянальнай годнасцю? Гэтыя фундаментальна важныя пытанні падмяняюцца гульбой, перакускай, балбатнёй пра «высокія матэрыі», пра якія там, напраўду, наогул ніхто не думае.

- Лукашэнка праводзіць пышныя імпрэзы адну за адной: ваяж у Арабскія Эміраты, калядны хакейны турнір, «прыём» у гонар старога Новага года. І гэта пасля таго, як у снежні ўсе выдатныя артыкулы дзяржбюджэту зрэзалі...

- Натуральна, нягледзячы на ўрэзаны дзяржбюджэт, Лукашэнка значна павялічыў свой рэзервовы фонд. Вось ён як хоча, так асабістым фондам і распараджаецца.

Яшчэ хацеў бы адзначыць, што на такія імпрэзы ён сам звычайна не выдаткоўвае грошай. Ён нават свой фонд не чапае. На гэта збіраюцца тыя людзі, якім ён дае магчымасць зарабіць грошы. Вось яны ў большасці сваёй і з'яўляюцца як бы донарамі такіх імпрэз. Бо не заплаціш - пазбавішся запрашэння не толькі на «пагулянку», але і грошай.

Лукашэнка перакананы, што колькі будзе жыць - столькі будзе баляваць. Але, хачу адзначыць, што ні з сітуацыі ўнутры краіны, ні з сітуацыі вакол Беларусі, не вынікае такога шчаслівага заканчэння ягонай кар'еры і жыцця. Ведаеце, я перакананы, што справядлівасць не заўсёды ў гэтым свеце саступае, яна можа і перамагаць!

Веру, што рана ці позна Лукашэнку давядзецца прайсці праз усе тыя выпрабаванні, праз якія прайшла большасць беларусаў за час ягонага панавання.

Чалавек можа не разумець гэтага толькі ў тым выпадку, калі не ўсведамляе рэальнай сітуацыі, як унутры краіны, так і вакол яе. А яна сапраўды вельмі складаная. І магчыма праз складанасць сітуацыі ў Лукашэнкі акурат і ўзнікае псіхалагічны стан, пры якім ён балюе, як астатнім разам. Гэта цалкам магчыма.

- Як бы на такія паводзіны кіраўніка дзяржавы адрэагавалі у нармальнай краіне?

- Параўноўваць лад жыцця ў дэмакратычных краінах, дзе ўлада абмежаваная ў сваіх магчымасцях, у тым ліку фінансавых, дзе нават прэм'ер-міністры ездзяць на сваіх аўто, а не дзяржаўных, лётаюць звычайнымі рэйсавымі самалётамі, са спосабамі жыцця ў дзяржавах таталітарных і аўтарытарных - некарэктна. У дэмакратычных краінах табе належыць толькі тое, што тваё. А за дыктатурай улада мяркуе што ёй належыць усё, і яна можа што хочаш браць.

Прыёмы, гулянкі, святы, вайсковыя парады, якія ладзяцца для аднаго чалавека - гэта і ёсць лад жыцця нецывілізаванай, дыктатарскай краіны.

Напісаць каментар 133

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках