Сем малавядомых фактаў пра кіраўніка федэрацыі хакея Савілава
6- 27.10.2018, 21:29
- 16,480
Кіраўнік ФХБ на слыху праз канфлікт з Міхаілам Захаравым.
Генадзь Савілаў выйшаў з ценю і зрабіў некалькі гучных заяў. Але пра яго па-ранейшаму мала што вядома. «Салідарнасць» папаўняе прабел.
Трэнер Міхаіл Захараў, які ўваходзіць у найбліжэйшае атачэнне кіраўніка дзяржавы, іранічна назваў Генадзя Савілава «вялікім дзеячом» за яго меркаванне пра тое, што Беларусі для развіцця хакею не патрэбны моцны ўнутраны чэмпіянат. Функцыянер, у сваю чаргу, падкалоў трэнера «Юнацтва» словамі аб тым, што яго клуб за апошнія 15 гадоў не падрыхтаваў ніводнага хакеіста высокага ўзроўню для НХЛ і КХЛ.
Дайшло да таго, што «Юнацтва» гатовае звярнуцца ў суд, калі Савілаў не зняпраўдзіць свае словы пра выхаванцаў клуба.
Генадзь Савілаў узначаліў федэрацыю яшчэ ў чэрвені, але дагэтуль так шмат публічна не выступаў. Чым ён займаўся пасля заканчэння прафесійнай кар'еры хакеіста ў 2010 годзе?

ФОТА ПРЭС-СЛУЖБЫ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ
Кіраўнік, які не ўзяў яго на працу трапіў за краты
Пасля заканчэння вышэйшай школы трэнераў Генадзь Савілаў з калегам Дзмітрыем Панковым патэлефанавалі дырэктару сталічнай СДЮШАР Анатолю Бяляеву з прапановай дапамагчы ў працы з дзіцяча-юнацкімі камандамі. Але былым гульцам зборнай адмовілі, сказаўшы, што ўсе месцы занятыя.
У 2015 годзе ў дачыненні да Анатоля Бяляева была распачатая крымінальная справа паводле факта крадзяжу 435 мільёнаў рублёў на пасадзе дырэктара СДЮШАР ад снежня 2011 года да красавіка 2013-га.
Вучыў студэнтаў катацца на лёдзе
Застаўшыся па-за справай, Савілаў пайшоў працаваць выкладчыкам ва ўніверсітэт фізічнай культуры на кафедру футбола і хакея. Яму, у тым ліку, давялося вучыць катанню на лёдзе першакурснікаў усіх спецыяльнасцяў.
Але прапрацаваў там Савілаў нядоўга.
Знайшоў працу па-за спортам дзякуючы вядомаму прадпрымальніку
Часопіс TIR так апісваў прыход былога хакеіста ў бізнэс: «Лагістыка, можна сказаць, уварвалася ў жыццё Генадзя Савілава ў 2011 годзе, калі лёс звёў яго з Вячаславам Іванавічам Доўнарам, кіраўніком групы кампаній «Белінтэртранс». У «Белінтэртранс» ужо на той момант была свая хакейная каманда. Далей працягваць? Па-мойму, усё зразумела...»
Вячаслаў Доўнар, які займаўся грузавымі перавозкамі, адзін час уваходзіў у спіс 100 паспяховых прадпрымальнікаў краіны. На свае грошы ён утрымліваў аматарскую каманду «Свет цяжкіх матораў», якой даручыў кіраваць Савілаву. Але галоўнае, што былому хакеісту з двума вышэйшымі адукацыямі адзін час нават даверылі выконваць абавязкі дырэктара ТАА «Л-БІТ Груп».
У якасці кіраўніка лагістычнай кампаніі ён у 2013 годзе ён атрымаў дыплом з рук прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча за перамогу ў намінацыі «найлепшы прадпрымальнік - арганізатар новых працоўных месцаў».

Прыстойна зарабляў
Са звестак аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Менскага абласнога Савета дэпутатаў можна даведацца, што агульная сума даходу Савілава за 2013 год склала 168 807 669 рублёў. У пераразліку на сярэднегадавы курс даляра выходзіла блізу 1570 даляраў у месяц. Ва ўласнасці ў Савілава была кватэра і два легкавыя аўтамабілі.
Бізнэс, у якім ён быў заняты, пацярпеў крах
Два гады таму стала вядома, што аўтапарк «Белінтэртранс» скараціўся з 670 адзінак тэхнікі да парадку 100, а бізнэсовец Доўнар урэзаў штат з 1000 да 30 чалавек. Дагэтуль тэхніка бралася ў лізінг і крэдыт, але бізнэс не пайшоў.
Дзіўным чынам атрымаў званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь»
У пачатку 2014 года Генадзю Савілаву і іншым гульцам хакейнай каманды прэзідэнта было прысвоена званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь». У спартыўных колах гэта выклікала здзіўленне.
Згодна з заканадаўствам, званне прысвойваецца за дасягненне высокіх вынікаў на Алімпійскіх, Паралімпійскіх і Сусветных гульнях, чэмпіянатах, першынствах і Кубках свету і Еўропы - але ніяк не на аматарскіх турнірах.

СКРЫНШОТА З ВІДЭА БЕЛТА
Даў зразумець, што яго падтрымлівае Лукашэнка, і на новай пасадзе з ім трэба лічыцца
Узначаліўшы ў чэрвені федэрацыю хакея, Генадзь Савілаў даў сігнал не дасведчаным людзям:
- Разумею, што з боку мая кандыдатура на старшынскую пасаду выглядае ў чымсьці непераканаўчай: не хапае статусу для зносін на роўных з міністрамі і губернатарамі. Але таксама, думаю, для ўсіх зразумела: раз мая кандыдатура знайшла падтрымку, гэта не выпадкова. І прамацваць межы дазволенага, тым больш праз ціхі сабатаж, не варта - можна моцна памыліцца.
У гэтай сувязі яго распачатае супрацьстаянне з Міхаілам Захаравым выглядае інтрыгавальна: на чый бок у выніку стане Аляксандр Лукашэнка?