Батлейку Івана Кірчука выкупілі і вярнулі ўладальніку
6- 30.10.2018, 21:32
- 14,699
«Батлейка» трапіла ў канфіскат і магла адысці спрытным калекцыянерам.
Аўтэнтычную батлейку Івана Кірчука выкупілі і вярнулі ўладальніку. Пра гэта паведаміў журналіст і грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка, паведамляе euroradio.fm.
"У выніку тыднёвых перамоў і праведзенай спецаперацыі ўдалося выкупіць батлейку Кірчука і вярнуць яму назад. Дзякую супрацоўнікам берасцейскага канфіскату за поўнае разуменне сітуацыі і спрыянне ў гэтай справе!" - напісаў Лабадзенка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
У жніўні мытнікі спынілі на беларуска-польскай мяжы "Батлейку". Лялечны тэатр з 28 персанажамі - частка этнаграфічнай калекцыі, з якой этна-трыё "Троіца" падарожнічала па свеце з 1999 года. Экспанаты калекцыі былі дэкарацыямі на канцэртах і спектаклях этна-трыё.

Перавезці варшаўскую этнаграфічную калекцыю Кірчука разам з унікальнай "Батлейка" у Беларусь ўзяўся генеральны прадусар Еўрарадыё Яўген Калмыкоў. Але на беларускай мяжы высветлілася, што лялечны тэатр важыць 64 кг, а без мыты ў Беларусь можна завезці толькі непадзельную рэч, якая важыць не больш за 35 кг.
Уся калекцыя важыла блізу 300 кг адпаведна, трэба было заплаціць па 4 еўры за кожны кілаграм. Таму перавезці калекцыю каштавала б 1200 еўраў.
У выніку Калмыкоў быў вымушаны везці калекцыю назад у Польшчу, дзе ў Музеі беларускай этнаграфіі і фальклору ў польскай Гайнаўцы яна была пакінутая - акрамя "Батлейкі", якую канфіскавалі на мяжы.
"Батлейка" трапіла ў канфіскат і магла адысці да спрытных калекцыянераў. Тады Глеб Лабадзенка дамовіўся з берасцейскім выкладчыкам курсаў "Мова нанова" Максімам Хлябцом, каб сачыць за лёсам каштоўнай калекцыі. Супрацоўнікі канфіскату пайшлі ім насустрач і паведамілі, калі тавар прайшоў ацэнку. Максім Хлябцоў адразу прыйшоў у краму і ўнёс патрэбную суму грошай. Цяпер "Батлейка" вернецца да Кірчука.