28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці змогуць замежнікі зноў ездзіць у Расею праз Беларусь?

2
Ці змогуць замежнікі зноў ездзіць у Расею праз Беларусь?
ФОТА З САЙТА TOURRADAR.COM

Расейскі ўрад пастанавіў вярнуць міжнародны пункт пропуску на мяжы з Беларуссю.

Робіць гэта ўрад РФ для залучэння інвестараў і турыстаў у Смаленскую вобласць. Фармальна пастанова пакуль не аформленая. Калі памежны пункт запрацуе, грамадзяне трэціх краін змогуць ездзіць, напрыклад, з Менска ў Маскву аўтатранспартам, а не толькі самалётамі, піша «Белсат».

Пра тое, што Расея верне міжнародны пункт пропуску ў Смаленскай вобласці, паведаміла адміністрацыя губернатара Аляксея Астроўскага пасля сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым. Дакладней, губернатар і прэм'ер - цытата - «разгледзелі пытанне аб унясенні адпаведных змяненняў у пашпарт нацыянальнага праекта Міжнародная кааперацыя і экспарт» - канец цытаты. Высветлілася, што без такога памежнага пункта дрэнна не толькі Беларусі і грамадзянам трэціх краін, але і расейскай эканоміцы.

«Цяпер замежныя турысты і інвестары не могуць уехаць на тэрыторыю Расеі праз Смаленскую вобласць. Гэты факт самым негатыўным чынам адбіваецца на залучэнні інвестыцый у рэгіён, а таксама развіцці турыстычнай галіны і міжнароднага супрацоўніцтва. Між тым, праз Смаленшчыну праходзяць 75% грузаў з Еўропы ў Расею і 35% расейскіх грузаў».

Мядзведзеў пагадзіўся вярнуць пункт «Чырвоная горка», дзе праблемы ў турыстаў і інвестараў пачаліся яшчэ ў верасні 2016 года. Тады расейскія ўлады сталі разварочваць цэлыя аўтобусы замежнікаў, напрыклад, у Бранскую вобласць. Не прапускалі і дыпламатаў на асабістых аўтамабілях. Узмоцнена правяралі дакументы ў замежных кіроўцаў грузавікоў, асабліва украінцаў, чым стваралі доўгія чэргі.

У студзені 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб бязвізавым ўездзе ў Беларусь грамадзян 80 дзяржаў - пяцідзённым, але гэта дало свежую хвалю заходніх турыстаў. Праз месяц кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў увёў памежны кантроль на ўсёй мяжы з Беларуссю: супраць кантрабанды, наркатрафіку і нелегалаў, але без магчымасці праезду для замежнікаў - і турыстаў, і грузаперавознікаў.

«У нас практычна няма беларуска-расейскай мяжы. Але калі хтосьці едзе, напрыклад, з Нямеччыны, то яго могуць вярнуць з беларуска-расейскай мяжы на латвійска-расейскую мяжу, каб ён перасёк яе там. Гэта нармальна? Гэта ненармальна», - заявіў Лукашэнка.

Ці можна замежнікам ехаць праз Чырвоную горку, у Дзяржаўным памежным камітэце пакуль не ведаюць, і кажуць, што каментаваць рана.

Жыхары Віцебска:

«Гэта больш трэба Расеі, чым нам. Гэта ў іх праблемы, санкцыі».

«Межы павінны быць».

«Калі сталі рознымі дзяржавамі, мяжа павінна быць. Візавы рэжым, бязвізавы, але мяжа павінна быць».

У памежным канфлікце Расеі і Беларусі быў і ёсць выразны палітычны складнік, кажа палітолаг Андрэй Ягораў. Дзеянні і Масквы, і Менска супярэчаць логіцы адзінай эканамічнай прасторы Еўразійскага саюза.

«Калі Беларусь уводзіла бязвізавы рэжым, яна не ўзгадніла гэта з Расеяй, гэтак жа як і Расея не ўзгадняе сваю замежную палітыку з Беларуссю, хоць у нас і ёсць агульная мытная і памежная прастора», - кажа дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Напрыклад, забарона ў Расеі заходніх прадуктаў. Або «чорныя спісы» непажаданых у Расеі ўкраінцаў, якіх у выніку затрымліваюць у Беларусі, часам з дэпартацыяй. Еўразійскі эканамічны саюз, які павінен быў стварыць агульны рынак, для беларусаў стаўся абаронай расейскага вытворцы.

«Гэта стварае розныя праблемы для беларусаў, якія прызвычаіліся да больш якаснай заходняй прадукцыі. А пратэкцыянізм Еўразійскага рынку не дазваляе яе купляць. Напрыклад, усе адчулі гэта ў гісторыі з еўрапейскімі аўтамабілямі, якія беларусы раней куплялі», - кажа дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Пытанне мяжы з Расеяй у кастрычніку абмяркоўвалі ў "палаце прадстаўнікоў" Беларусі. Тады кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта заявіў, што пункт пропуску з беларускага боку ў прынцыпе не патрэбны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках