29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўны з Менска: Мяне пасадзілі на галодны паёк

12
Працоўны з Менска: Мяне пасадзілі на галодны паёк
ФОТА: ААТ «Белгіпс»

«Белгіпс» развязвае свае эканамічныя праблемы, пазбаўляючы прэміі добрасумленных работнікаў.

У прафзвяз РЭП уступіў Юрый Пранчак - грузчык ААТ «Белгіпс». Наймальнік несправядліва, на ягоную думку, пазбавіў грузчыка прэміі за кастрычнік - а прэмія складае больш за 50% ад ягонага акладу, і на рукі ён атрымаў 358 рублёў, піша praca-by.info.

Прэміі, са слоў работніка, пазбаўленыя і інжынерна-тэхнічныя работнікі, але іх прэмія - гэта ўсяго толькі 20% ад акладу: за вылікам прэміі, ІТР атрымаюць прыкладна па 700 рублёў. «Мяне пасадзілі на галодны паёк» - абураецца працоўны, у сям'і ў якога двое непаўналетніх дзяцей.

Юрый Пранчак патлумачыў, што з верасня да кастрычніка пастаўкі сыравіны з Украіны на «Белгіпс» ішлі з затрымкамі, праз што прадпрыемства не выканала эканамічныя паказчыкі і вызначыла не налічваць работнікам прэміі. Аднак, як сцвярджае сам Юрый, на ягонай працы затрымкі паставак не адбіліся: грузчык працаваў увесь час.

А калі ён працаваў не горш, чым звычайна, на якой падставе яго пазбавілі больш за палову штомесячнага даходу?

На гэтай падставе Юрый Пранчак ініцыяваў на працы сход камісіі ў працоўных спрэчках, дзе паскардзіўся на пазбаўленне прэміі і затрымку заробку. Аднак камісія адмовілася выплачваць прэмію. Калі Юрый Пранчак заявіў, што гэта - падстава для звальнення паводле 41 артыкула Працоўнага кодэкса (за парушэнні наймальніка з выплатай кампенсацыі), яго адправілі ў Дэпартамент дзяржінспекцыі працы.

- На камісіі, як чорт з табакеркі, з'явіўся Раздзел №12 «Аб прэміраванні невытворчага ўчастка», у тым ліку і грузчыкаў. У Раздзеле ёсць пункт аб тым, што дырэктар на сваё меркаванне можа паменшыць прэмію альбо наогул пазбавіць яе. Але спасылкі на гэты раздзел няма ў загадзе аб пазбаўленні прэміі! Няма Раздзела №12 і ў кантракце як дадатковага пагаднення. Мне сказалі: прэмію ўсё адно не атрымаеш, а калі хочаш звальняцца за несвоечасовую выплату заробку - звяртайся ў Дэпартамент дзяржінспекцыі працы. Толькі праз суд мяне могуць звольніць паводле артыкула 41 - камісія адмовілася гэта зрабіць, - распавёў Юрый Пранчак.

Пасля гэтага грузчык звярнуўся па юрыдычную дапамогу ў прафзвяз РЭП. Ягонай справай займаецца прадстаўнік прафзвязу РЭП у Менску і вобласці Ігар Комлік:

- Ніводзін з дакументаў: ні раздзел аб прэміяванні, ні калектыўная дамова, ні працоўная дамова - не прадугледжваюць нявыплату прэміі. Агавораны шэраг выпадкаў, на падставе чаго могуць забраць частку прэміі: цалкам наймальнік можа яе пазбавіць толькі за асобныя парушэнні: напрыклад, парушэнне працоўнай дысцыпліны. Тым больш, што ў ААТ «Белгіпс» прэмія з'яўляецца часткай аплаты працы. У Юрыя Пранчака, напрыклад, яна складае больш за 50% акладу, - патлумачыў прадстаўнік прафзвязу РЭП.

Наймальнік, як распавёў працаўнік, не ўважае сябе за вінаватага, роўна як маўчыць пра тое, ці мае намер выплаціць прэмію ў будучыні, калі справы на прадпрыемстве прыйдуць у норму.

- Усе дзеянні наймальніка з'яўляюцца незаконнымі, мы будзем аспрэчваць іх у судовым парадку, - сказаў Ігар Комлік.

- Мне зусім не зразумелыя дзеянні кіраўніцтва прадпрыемства: калі сітуацыя сапраўды складаная, што цалкам дапускаю, то лагічна было выдаць загад і растлумачыць людзям цяжкае фінансавае становішча прадпрыемства і перанесці выплату прэміі на больш позні тэрмін. А «што хачу, то кручу», - так не атрымаецца: «Белгіпс» - не першае і не апошняе прадпрыемства, якое мы прымусім выконваць працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, - пракаментаваў лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках