16 чэрвеня 2019, Нядзеля, 22:49
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Лісты шчасця

2
Изображение: Getty Images

Беларусам можа надакучыць, што ў іхняе жыццё ўмешваюцца.

Памятаеце, калісьці мы атрымлівалі лісты ад аднагодак, якія трэба было перапісаць разоў 20 і даслаць знаёмым. А ў іншым разе, палохаў невядомы аўтар у лісце, не будзе табе шчасця. У дзяцінстве, памятаю, я шчыра спрабавала перапісаць падобны ліст: усё ж такі хацелася быць шчаслівай. Аднак на лісце пятым рука стамілася і я падумала: “Да ну, гэты ліст. Не будзе шчасця дык не будзе. Надакучыла”. І пайшла займацца больш цікавымі рэчамі, а ліст выкінула.

Пагрозы, напісаныя ў лісце, не здзейсніліся, хоць я чакала іх некалькі месяцаў. Пасля гэтага я зразумела, што лістам шчасця верыць не трэба. І смела выкідала іншыя такія лісты. Беларускія ўлады сталі рассылаць таксама лісты шчасця. Свае паведамленні, праўда, яны не просяць перапісаць 20 разоў.

Аднак застрашаюць у іх, што, калі не будзе пацверджаная занятасць, то плаціць за гарачую ваду давядзецца па поўнай. Лісты шчасця ад уладаў атрымалі жыхары Бабруйска. У такіх паведамленнях пазначаецца, што ідзе фармаванне спісаў тых, хто працуе, а хто не. І адрасату паведамляецца, што камісія не мае сведчанняў пра ягоную занятасць у эканоміцы.

Пасля гэтых словаў чальцы камісіі, відаць, чакалі, што чалавек спалохаецца і адразу ж пацвердзіць сваю занятасць. І не адзін раз, а дваццаць, як у выпадку з тымі лістамі шчасця, што мы атрымалівалі ў дзяцінстве. Ну так, на ўсялякі выпадак, каб шчасце было. Што праўда, грамадзянам можа і надакучыць, што ў іхняе жыццё так умешваюцца.

Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»