ЗСУ другі раз за два дні ўразілі ваенны аэрадром у Растове-на-Доне
- 18.09.2026, 9:47
- 2,314
На авіябазе пасля «аглушальных хлопкаў» успыхнуў пажар.
Украінскія войскі ў ноч на 18 верасня масіравана атакавалі Растоўскую вобласць, паведаміў растоўскі губернатар Юрый Слюсар. Паводле яго інфармацыі, за ноч у небе над Растовам-на-Доне, Таганрогам, Батайскам і яшчэ над пяццю раёнамі «знішчылі» больш за 50 дронаў. «Паводле аператыўнай інфармацыі, ніхто не пацярпеў, але не абышлося без наступстваў на зямлі ў выніку падзення абломкаў БПЛА. Аператыўныя службы працуюць на месцах здарэнняў», — напісаў кіраўнік рэгіёна ў тэлеграм-канале, не падаючы падрабязнасцяў. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра «аглушальныя хлопкі» прыблізна з паловы першай ночы.
Мэр Растова-на-Доне Аляксандр Скрябін папярэджваў гараджан пра працу сістэмы СПА і заклікаў укрыцца ў памяшканнях. Што менавіта трапіла пад атаку, ён не сказаў. Паводле сцверджання ўкраінскага маніторынгавага канала Supernova, мэтай налёту зноў магла стаць авіябаза ў Растове.

Украінскія рэсурсы публікуюць кадры ад відавочцаў, дзе бачная стральба па паветраных цэлях у начным небе і чуваць некалькі выбухаў. Пра пажар у раёне аэрадрома таксама піша «Крымскі вецер». Папярэдні ўдар па аэрадроме «Растоў-Цэнтральны» адбыўся ў ноч на чацвер. Як заяўляў украінскі бок, былі паражаныя тры ваенныя самалёты і тры ваенныя верталёты.

Паводле даных Службы бяспекі Украіны (СБУ), гаворка, у прыватнасці, ідзе пра ваенна-транспартны самалёт Ан-12 і два Ан-26. На стаянцы паветраных суднаў успыхнуў пажар і адбыліся выбухі, сцвярджалі ў службе. Да гэтага Генштаб ЗСУ заяўляў пра паспяховыя атакі па аэрадроме ў Растове 6 верасня. На базе адбылося ўзгаранне, але што менавіта было паражана, не ўдакладнялася. У ЗСУ таксама сцвярджалі, што знішчылі ў Растове РЛС «Падлёт» і два зенітна-ракетныя комплексы «Панцыр-С1».