3 траўня 2024, Пятніца, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Паліенка: Дзеянні міліцыі гнюсныя

8
Зміцер Паліенка: Дзеянні міліцыі гнюсныя
ЗМІЦЕР ПАЛІЕНКА
ФОТА: SPRING96.ORG

Міліцыя наладзіла правакацыю супраць актывіста.

Актывіст Зміцер Паліенка напісаў пра дзіўную правакацыю, якую сёння раніцай зладзіла міліцыя супраць яго і людзей, якія прыйшлі яго падтрымаць у суд Заводскага раёна Менска:

«Высветлілася, мне зусім не трэба было прыходзіць а 8 раніцы ў ГАМ-2 (апорны пункт на вул. Ангарскай). А пазней да 12:40 сядзець і катацца разам з «перагарнымі дзядзькамі» і «чарнільнымі феямі».

Як толькі людзей пачалі загружаць у машыны, каб везці ў суд, мяне спыніў дзядзька ў цывільным, і замкнуў у кабінеце. Пазней пацікавіўся, ці ёсць у мяне старонка Вконтакте. Я сказаў, што не. Пачаў смяяцца і балабоніць «добра падумаў? ну глядзі!» - што і да чаго гэта было - не ведаю. Пасля гэтага мяне выклікалі ў кабінет інспекцыі, і ў чарговы (ужо 5-ты раз) апыталі, чаму я не хаджу на лекцыі, і далі паперу з'явіцца заўтра да іх а 9:10 у РУУС.

Адвакатка і людзі якія прыйшлі мяне падтрымаць (Максім Вінярскі і Вольга Нікалайчык) блізу 3 гадзін правялі ў будынку суду і на вуліцы. Карныя структуры сваёй дэзінфармацыяй, і паводзінамі чарговым разам надумалі паздзекавацца з мяне, і з людзей, якія хацелі падтрымаць мяне ў судзе.

Як вы думаеце, ці варта пасля сённяшняга дня наогул кудысьці хадзіць? Не думаю.

Ім трэба - няхай выклікаюць сваю бела-сінюю таксоўку і вязуць. Сам да іх больш не нагой».

«Дзеянні міліцыі гнюсныя. На маю дзейнасць гэта ніяк не паўплывае, наадварот, хлусня і дзеянні міліцыі - гэта толькі дыскрэдытуе саму структуру МУС. Яны ж тым самым паказваюць сваю сутнасць», - заявіў актывіст у каментары сайту Charter97.org.

Нагадаем, што сёння раніцай Змітра Паліенку затрымалі ў аддзяленні міліцыі на вуліцы Ангарскай у Менску, куды выклікалі раней.

Зміцер Паліенка выйшаў на свабоду 24 кастрычніка і павінен быў амаль штодня з'яўляцца ў Заводскім РАУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання. Некалькі разоў экс-палітвязень прыйшоў на лекцыі, а затым адмовіўся гэта рабіць прынцыпова.

У сваім звароце ў пракуратуру актывіст паказаў, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконныя, ніхто не мае права прымушаць яго да працы. Штодзённыя выклікі на лекцыі - гэта таксама неабгрунтаваны кантроль і парушэнне правоў і свабод.

«Не мінуў і першы суд, як далі позву на другі, - паведаміў Зміцер у сацыяльных сетках. - Я ўжо казаў пра сваё стаўленне да гэтых лекцый і пра тое, чаму я на іх не хаджу і не збіраюся надалей хадзіць. Я не збіраюся скакаць пад дудку тых, хто мяне кінуў за краты і не збіраюся быць у іх на вудзе».

Зміцер Паліенка дадаў, што пратаколы на яго складзеныя паводле артыкула 23.4 («непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі»).

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках