У барацьбе за свае правы праваабаронца з Барысава дайшоў да ААН
5- 10.02.2018, 21:05
- 10,265
Праваабаронца бароніць свае правы на свабоду меркаванняў і мірныя сходы.
У адпаведнасці з першым Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч накіраваў паведамленне ў Камітэт правоў чалавека ААН, паведамляе ПЦ «Вясна».
Прадметам скаргі з'яўляецца парушэнне Беларусі правоў, гарантаваных артыкуламі 19 і 21 МПГПП - права на свабоду меркаванняў і права на свабоду мірных сходаў. Падставай для звароту ў міжнародную арганізацыю стала забарона намесніцай старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта Марынай Булойчык пікету да Дня правоў чалавека 15 снежня 2016 года і наступныя судовыя пастановы, якія пакінулі забарону ў дзеянні.
У паведамленні праваабаронцы адзначае, што забарона Барысаўскага выканкама ў правядзенні пікета парушае яго правы, гарантаваныя МПГПП. Абмежаванне карыстаннем гэтымі правамі выходзіць за межы, прадугледжаныя міжнароднымі абавязаннямі Рэспублікі Беларусь і яе Канстытуцыяй. Такія абмежаванні накладае Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і пастанова Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта «Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаўскім раёне». Між іншым, гэтыя нарматыўныя акты ўводзяць дазвольны парадак правядзення мірных сходаў без уліку іх характару і мэтаў. Парадак атрымання дазволу на мірныя сходы прадугледжвае складаную працэдуру ўзгаднення з мясцовымі выканаўчымі органамі, службамі аховы правапарадку, медыцынскімі ўстановамі, камунальнымі службамі.
Барысаўскім выканкамам вызначанае адзінае на ўвесь раён пастаяннае месца для масавых мерапрыемстваў - невялікая бязлюдная тэрыторыя каля гарадскога стадыёна за высокім бетонным мурам. Гэта супярэчыць пазітыўным абавязанням дзяржавы ў забеспячэнні права грамадзян на свабоду мірных сходаў.
А. Мацкевіч просіць Камітэт правоў чалавека ААН прызнаць факт парушэння Рэспублікай Беларусь артыкулаў 19 і 21 МПГПП.
У сувязі з падачай скаргі ў прыватнай гутарцы праваабаронца ўспомніў нядаўнюю заяву Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы з прадстаўнікамі амбасады Каралеўства Нідэрландаў Валянцін Сукала сказаў пра неабходнасць мінімізаваць колькасць зваротаў грамадзян Беларусі ў КПЧ ААН.
«Калі Рэспубліка Беларусь будзе і надалей ігнараваць свае міжнародныя абавязанні ў галіне правоў чалавека, такія заявы застануцца толькі прыгожымі пажаданнямі. Пэўны вынік залежыць ад пазіцыі дзяржавы, у першую чаргу - ад судовай улады. Праваабаронцы не будуць штучна скарачаць колькасць зваротаў у КПЧ, «падыгрываючы» ўладзе з мэтай палепшыць яе імідж у вачах міжнароднай супольнасці», - кажа праваабаронца.