Андрэй Курэйчык: Святлана Сакалоўская праявіла вялікую смеласць
8- 5.02.2018, 21:22
- 16,721
Вядомы беларускі рэжысёр і сцэнарыст пракаментаваў міліцэйскі скандал, які здарыўся ў навагоднюю ноч.
Вядомы беларускі рэжысёр і сцэнарыст Андрэй Курэйчык мяркуе, што ў скандальнай гісторыі з удзелам сталічнага АМАПа і акторак важная не прафесія дзяўчат. Пра гэта Андрэй Курэйчык распавёў «Салiдарнасцi».
- Актор, актрыса, рэжысёр... Не ведаю, пекар, напрыклад. Важныя ўзаемаадносіны міліцыі і тых людзей, якіх яны абавязаныя ўвогуле абараняць, ствараць адчуванне бяспекі і камфорту. Усе мы скідваемся на ўтрыманне нашай праваахоўнай сістэмы і, адпаведна, маем права разлічваць на пэўны сэрвіс.
Са слоў драматурга, калі ўзяць на веру апублікаваная ў СМІ, то гаворка відавочна ідзе пра перавышэнне службовых паўнамоцтваў:
- Кіраўніцтва павінна разабрацца і, як мінімум, пакараць вінаватых.
Андрэй Курэйчык адзначыў, што скандал стаў здабыткам шырокай публікі, дзякуючы мужнасці Святланы Сакалоўскай:
- Яна малайчына, што пра гэта публічна распавяла. Я падазраю, што многія людзі маўчаць і баяцца ў такіх выпадках. Святлана для свайго ўзросту і статусу праявіла вялікую смеласць, вывеўшы ў публічнае поле гэтую праблему. Асабістая смеласць і прынцыповасць зрабілі сваю справу.