Еўракамісар: ЕЗ мае намер экспартаваць стабільнасць на Балканы
1- 6.02.2018, 21:46
- 6,639
Арыентыровачна заходне-балканскія краіны могуць стаць сябрамі ЕЗ у 2025 годзе.
Еўрапейскі Звяз зацікаўлены ў тым, каб «экспартаваць стабільнасць» на Заходнія Балканы.
Пра гэта ў аўторак, 6 лютага, заявіў у інтэрв'ю DW камісар ЕЗ у пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханэс Хан, каментуючы намер Еўракамісіі надаць новы імпульс перамоўнаму працэсу з шасцю балканскімі краінамі.
У адказ на пытанне карэспандэнта DW аб тым, ці рэальна да 2025 года прыняць у ЕЗ некаторыя з заходне-балканскіх дзяржаў, нягледзячы на велізарныя праблемы - карупцыю, памежныя спрэчкі, слабую эканоміку, Хан выказаў упэўненасць, што пры пашырэнні Еўразвязу не адбудзецца «далейшага імпарту нестабільнасці». «У нашых інтарэсах пазбягаць далейшай уцечкі мазгоў, і менавіта з гэтай прычыны мы вядзём працу з гэтым рэгіёнам у пытаннях перспектывы сяброўства ў ЕЗ», - указаў еўракамісар.
2025 год Ёханэс Хан назваў «арыентыровачнай датай», да якой у асобных краінах рэгіёну можа быць развязаная праблема карупцыі і яны могуць быць гатовыя стаць сябрамі ЕЗ. «Гэта стымул, калі хочаце», - адзначыў ён.
У той жа час, са слоў еўракамісара, Брусэль больш не мае намеру прымаць у склад ЕЗ краіны з нявырашанымі тэрытарыяльнымі спрэчкамі. «Мы таксама засвойваем свае ўрокі», - заявіў Хан, кажучы пра памежную спрэчку, што па-ранейшаму існуе паміж двума балканскімі краінамі, якія ўжо ўваходзяць у Еўразвяз - Славеніяй і Харватыяй.