Кіраўнік МУС Вялікабрытаніі: У справе Скрыпаля пазначана 240 сведак
- 11.03.2018, 21:28
- 9,887
Лондан абмяркуе атручэнне былога выведніка з хаўруснікамі з NАТО.
Вялікабрытанія плануе абмеркаваць сітуацыю з атручваннем ў Салсбэры былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля са сваімі калегамі з Паўночнаатлантычнага альянсу.
Як піша «Нямецкая хваля», пра гэта ў суботу, 10 сакавіка, паведаміў парламенцкі намеснік міністра абароны Тобіяс Элвуд.
"Нам не варта апярэджваць падзеі, мы павінны даць абгрунтаваны адказ. Будзем абмяркоўваць гэта з нашымі партнёрамі з NАТО, - указаў ён. - Узнікае шэраг сур'ёзных пытанняў - як супрацьстаяць сакрэтнай і шкоднай атацы, учыненай адмыслова, каб пасеяць хаос у нашым грамадстве".
Брытанія пагражае віноўнікам "уплывовымі хаўруснікамі"
Як удакладняе брытанская газета The Independent, пазіцыю Элвуда падтрымаў і кіраўнік абароннага міністэрства краіны Гэвін Уільямсан. Апошні таксама згадаў "уплывовых хаўруснікаў" Лондана, кажучы пра тое, што Злучанае Каралеўства гатовае задзейнічаць "усе рэсурсы", пасля таго як следства вызначыць, хто "стаяў за атакай".
Між тым, са слоў міністра ўнутраных спраў Вялікабрытаніі Эмбэр Рад, да расследавання падключыліся ўжо звыш 250 супрацоўнікаў падраздзялення паліцыі ў барацьбе з тэрарызмам, яны аналізуюць больш за 200 довадаў, сабраных у мінулыя дні, і пазначылі блізу 240 сведак паводле гэтай справы.
Довады ў рэстарацыі
Рэшткі нервова-паралітычнага рэчыва, якім, паводле версіі праваахоўных органаў, былі атручаны Скрыпаль і ягоная дачка, выяўленыя ў рэстарацыі Zizzi, дзе яны абедалі 4 сакавіка.
След расейскіх спецслужбаў?
Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія 4 сакавіка былі выяўленыя без прытомнасці ў брытанскім Салсбэры. Следства сцвярджае, што яны былі атручаныя нервова-паралітычным рэчывам. Супрацоўнік брытанскай паліцыі, які першым прыйшоў на дапамогу пацярпелым, таксама быў шпіталізаваны з сімптомамі атручвання.
У 2006 годзе Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі за шпіянаж на карысць брытанскай выведкі, а ў 2010 годзе атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі ў рамках абмену шпіёнамі. Паводле інфармацыі газеты Financial Times, Скрыпаль працягваў працаваць на заходнія спецслужбы і пасля таго, як быў высланы з Расеі. Хаця цікавасць да яго як да аператыўнага крыніцы інфармацыі знікла, Сяргея Скрыпаля цягам некаторага перыяду часу выкарыстоўвалі для абмеркавання магчымасцяў расейскай выведкі. Інфарматары выдання не выключылі, што гэта і магло стаць прычынай замаху на былога двайнога агента.