19 красавiка 2024, Пятніца, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці японскага мастака Ёшыды: Першы раз за паўтара года абняла сына

19
Маці японскага мастака Ёшыды: Першы раз за паўтара года абняла сына
Фотa: svaboda.org

27-гадовы японец ужо год знаходзіцца ў Віцебскай калоніі ўзмоцненага рэжыму № 3.

«Даічы не парушаў ніякіх законаў і не зрабіў ніякага злачынства», – паўтарае маці Даічы Ёшыды, які знаходзіцца ў калоніі Віцьба. На гэтым тыдні ягоная сям'я прыляцела з Японіі на трохдзённае спатканне, паведамляе «Радыё Свабода».

Даічы Ёшыда – японскі мастак, які малюе ў стылі мангі. У 2016 годзе ён быў запрошаны на фестываль мангі ў Адэсу. У Кіеве набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі да 1945 года выпуску, каб выкарыстоўваць іх у якасці мадэляў для карцінаў.

15 жніўня 2016 года Даічы Ёшыда вылецеў маршрутам з Кіева ў Токіа з транзітнымі перасадкамі ў аэрапортах Менска і Абу-Дабі.

Ён сцвярджае, што служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і пусціла яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі за незаконны правоз і перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.

Даічы Ёшыда неаднаразова спрабаваў абскардзіць прысуд, настойваючы на сваёй невінаватасці.

На спатканне ў калонію прыляцелі маці мастака Ёка Ёшыда і ягоны брат Сея Ёшыда.

«У нас былі раней кароткія спатканні, але заўсёды праз шкло, – апавялі яны неўзабаве пасля таго, як выйшлі з калоніі. – Праз паўтара года я змагла да яго дакрануцца, абняць яго. Гэта не перадаць словамі».

Выпраўленчая калёнія №3 у пасёлку Віцьба, Віцебскі раён

«Мы ўсе ўтрох абняліся, – кажа старэйшы брат Сея, які не бачыў брата 2 гады. – Мне было вельмі радасна. Да гэтага некалькі разоў чуў яго праз тэлефон. Я здзівіўся, што ў яго вельмі кароткая стрыжка. Цяпер ён выглядае зусім інакш».

Партрэт Даічы Ёшыда, які ягоны брат Сэйя намаляваў за час спатканьня ў калёніі

Адвакат Даічы Ёшыды ў лютым атрымаў з Вярхоўнага суда адказ на сваю скаргу, у якой прасіў сярод іншага скасаваць прысуд. Аднак Вярхоўны суд палічыў прысуд Даічы Ёшыду справядлівым.

«Вінаватасць Даічы Ёшыды ў злачынствах, за якія ён асуджаны, даказаная», – гаворыцца ў дакуменце Вярхоўнага суда.

У адказе прадстаўнік Вярхоўнага суда таксама спасылаецца на паказанні сведак у працэсе, згодна з якімі павінен праводзіцца дагляд багажу ўсіх пасажыраў, якія перамяшчаюцца праз беларускія аэрапорты, у тым ліку транзітныя. Гаворыцца таксама пра тое, што, згодна з заканадаўствам, транзітныя пасажыры з'яўляюцца асобамі, якія перасеклі мяжу Рэспублікі Беларусь.

Пра пастанову высокай інстанцыі, якая адмовіла Даічы ў пераглядзе справы, Ёка раней паведаміла Даічы праз тэлефон.

«Мы даведаліся, што ў нас ёсць яшчэ адзін шанец падаць скаргу ў Вярхоўны суд. Будзем гэтым займацца, – кажа Ёка. – Мы заўсёды паўтараем, што Даічы не парушаў ніякіх законаў і не здзяйсняў ніякага злачынства. Будзем рабіць усё магчымае, каб яго вызваліць».

Ёка Ёшыда

Сям'я Даічы не раз звяртала ўвагу на стан ягонага псіхалагічнага і фізічнага здароўя. Паводле словаў Ёка, цяпер ён выглядае нядрэнна.

«Апавёў, што 1 сакавіка проста страціў прытомнасць ад таго, што рэзка падвысіўся ціск. Трапіў у лякарню. Дзесьці 10 дзён там прабыў. Сёння адчувае сябе добра».

Сярод іншага, сваякі прывезлі Даічы дзве пары акуляраў. Ёка апавядае, што ў Даічы вельмі дрэнны зрок, але акуляры ў яго забралі адразу, як ён трапіў у турму. Год, пакуль доўжылася следства і суд, мастак заставаўся без іх. Акуляры вярнулі толькі пры пераводзе ў калонію, але яны былі ў стане амаль непрыдатным для выкарыстання:

«Шкло ўсё ў драпінах, – апавядае Ёка. – Ён адразу надзеў тыя акуляры, што мы яму прывезлі».

Сям'я Даічы кажа, што адміністрацыя калоніі ставіцца да яго нармальна. Ён сам у добрых стасунках з іншымі асуджанымі.

«Даічы кажа толькі адно: я абсалютна невінаваты, хачу на волю. Цяпер ён зразумеў, што ўсё залежыць толькі ад ягоных паводзінаў. Ён стараецца паводзіць сябе так, каб была магчымасць выйсці ўмоўна-датэрмінова», – кажа сям'я.

Даічы Ёшыда, здымак з архіва сям'і Ёшыда

Кніг у Даічы няма, але ёсць некалькі тонкіх расейска-ангельска-японскіх размоўнікаў. Ён актыўна засвойвае расейскую мову. Пасля таго, як гісторыя Даічы стала вядомая, Ёка атрымлівае словы падтрымкі ад людзей з многіх краінаў. У калоніі яна даведалася, што Даічы таксама прыходзяць лісты і паштоўкі, што стала для яго нечаканасцю.

«Гэтыя лісты, гэтыя словы – вялікая падтрымка для мяне. Калі б толькі іх было яшчэ больш, я буду адказваць кожнаму», – перадаюць маці і брат словы Даічы з калоніі.

Магчыма, дзякуючы гэтай падтрымцы ягоны настрой змяніўся да лепшага.

«Апошні раз, калі я яго бачыла, ён быў абсалютна прыгнечаны. Але за гэты час, можа, дзякуючы таму, што ён стаў атрымліваць лісты падтрымкі, ён трохі ўзняўся духам. І таксама ён знайшоў сабе занятак – робіць ілюстрацыі для насценгазеты, плакаты. Усё гэта яму дапамагае, ён стаў спакайнейшым», – апавядае Ёка. Некаторыя малюнкі, зробленыя ў калоніі, Даічы перадаў на волю.

«Мяркуючы з таго, як ён з намі размаўляў, як сябе паводзіў, мне стала трохі спакайней», – кажа Сея Ёшыда.

Малюнкі Даічы Ёшыда

Сям'я Ёшыды не пакідае надзей на вызваленне і апраўданне свайго сына Даічы. У канцы лютага яны звярнуліся да кіраўніка Лукашэнкі з лістом, у якім тлумачаць, што здарылася з Даічы, і просяць паспрыяць ягонаму вызваленню. Ёка кажа, што адказаў яна яшчэ не атрымлівала.

«Калі трэба было сыходзіць, нам было вельмі цяжка. І Даічы таксама, – кажа Ёка Ёшыда. – Ён паўтарае толькі адно: Хутчэй бы адсюль выйсці, хутчэй бы дадому».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках