6 чэрвеня 2026, Субота, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Нясвіжы зрабілі адзін з першых у свеце правобразаў кампутара

1
Як у Нясвіжы зрабілі адзін з першых у свеце правобразаў кампутара

У Беларусі стваралі шмат унікальных рэчаў.

Звяз дызайнераў выдаў каталог «Тутэйшы дызайн: Асобы i рэчы». У алфавітным парадку ў ім пералічваюцца зробленыя на тэрыторыі Беларусі рэчы, піша сайт dev.by. Працуючы над ім, мэнэджар праектаў Павел Дарохін даведаўся пра першую ва Усходняй Еўропе Вылічальную машыну з прынцыпамі сучасных кампутараў, якую не пазней 1770 года зрабіў у Нясвіжы Еўна Якабсон. Прыладу ўключылі ў пашыраную версію каталога на сайце звязу.

- У Беларусі стваралася шмат унікальных рэчаў. Мы выбралі некалькі сотняў. Асобную ўвага надалі прамысловай вытворчасці, якая пакуль не даследаваная ў належнай меры. Такіх прылад, пачынаючы ад «Паскаліны» і машыны Бэбіджа, было штук 15. Тое, што зрабіў Якабсан, не абганяў час, але гэтыя машыны рабіліся ў адным або некалькіх асобніках і кожная была ўнікальнай. Нясвіжская прылада не была простай копіяй замежных аналагаў, - распавядае дызайнер Павел Дарохін.

З пачатку 19 стагоддзя машына Якабсона захоўваецца ў Пецярбургу. Павел мяркуе, што яе вывезлі пасля вайны 1812 года, калі Нясвіж разрабавалі расейскія войскі, бо Радзівілы падтрымалі Напалеона. Тады з горада вывезлі амаль усё каштоўнае. Тэарэтычна, машыну маглі скрасці і раней. Расейскія войскі ў той час захоплівалі Нясвіж некалькі разоў: у 1768, 1792 і у 1812 годзе.

У Расеі часта называюць створаную Якабсонам прыладу «першай айчыннай вылічальнай машынай» або «першай на тэрыторыі былой Расейскай імперыі» або нават «Савецкага саюза». Але яна была створаная ў Рэчы Паспалітай і ніякага дачынення да Расеі не мела. Цяпер гэта адзіны ў музеях гэтай краіны помнік вылічальнай тэхнікі 18 стагоддзя.

- У нейкіх краінах увесь час адбываецца абмен каштоўных рэчаў. Пытанне вяртання машыны Якабсона можа разглядацца толькі на дыпламатычным узроўні. Ініцыятыва знізу, вядома, павінна ісці, напрыклад, з Акадэміі навук. Трэба закідваць улады лістамі. За мяжой паспяховыя прыклады ёсць, - удакладніў Павел.

Пакуль дзяржава цікавасці да гэтай прылады не выяўляе. Можна было, напрыклад, зрабіць копію для нясвіжскага краязнаўчага музея. Машына даследаваная, яе будова апісаная, ёсць чарцяжы.

КРЫНІЦА: РЭСПУБЛІКАНСКАЯ НАВУКОВА-ТЭХНІЧНАЯ БІБЛІЯТЭКА

Гадзіннікавы майстра і механік Еўна Якабсон прыехаў у Нясвіж на працу да Міхала Казіміра Радзівіла. Сваю вылічальную машыну ён стварыў у выглядзе латуневай скрынкі на чатырох ножках. Цяпер яна знаходзіцца ў Музеі імя Ламаносава ў Пецярбургу.

У прыладзе адсутнічае асобны механізм для множання, але гэта можна рабіць паўторным складаннем. Дзяленне выконваецца як паслядоўнае адніманне. Аперацыі праводзяцца з усімі лікамі, сума якіх меншая за 109.

Каб выканаць складанне, трэба павярнуць ключамі са стрэлкамі ланцужкі, пакуль яны не ўсталююцца насупраць патрэбных лічбаў, затым ключы адпускаюцца і ланцужкі пад дзеяннем спружыны вяртаецца ў зыходнае становішча, а ў спецыяльных акенцах з'яўляецца першы складнік. Гэтак жа набіраецца і другі складнік. У тых жа акенцах з'яўляецца вынік аперацыі. У машыну ўбудаваны механізм перадачы дзясяткаў. Прылада таксама можа вызначаць дзель: аўтаматычна падлічваць лічбу зробленых вылічэнняў.

Аўтарства машыны вядома з надпісу на ёй па-нямецку: «Erfunden und verfertigen von dem Hebreer Jewna Jacobson, Uhrmacher und Mechanicis in der Stadt Nieswiez in Lithauen, Gouvernement Minsk» («вынайдзена і выраблена габрэем Еўна Якабсонам, гадзіньнікавым майстрам і механікам у горадзе Нясвіжы у Літве, Менскае ваяводства»). Супаставіўшы гістарычныя звесткі, даследчыкі вызначылі і прыкладны час яе стварэння: не пазней за 1770 года.

ПОДПІС: НЯСВІЖ У ПАЧАТКУ 17 СТАГОДДЗЯ, ІЛЮСТРАЦЫІ ТАМАША МАКОЎСКАГА

Пра самога Якабсона біяграфічных звестак няма. Магчыма, ён прыехаў у Нясвіж дзіцем і навучыўся рамяству самастойна. Тады горад знаходзіўся ў дрэнным стане. Швэды знішчылі замак, расейцы некалькі разоў палілі і рабавалі горад. Пажары знішчылі большую частку пераважна драўлянай жылой забудовы.

Пераўтварыў горад Міхаіл Казімір Радзівіл. Ён адкрыў друкарню, кадэцкі корпус, заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, арганізаваў тэатр, музычную, вакальную і балетную школы, аркестр народных інструментаў. Да яго на службу і трапіў Якабсон. Сваю машыну ён рабіў больш за год. Магчыма, незадоўга да ўваходжання Нясвіжа ў склад Расеі, ён пераехаў у польскі горад Лодзь. У Гнезна захоўвалася залатая чаша 1786 года з подпісам Е. Якабсона, але яе скралі.

Першы арыфмометр прыдумаў у 1623 годзе Шыкард. Затым аналагічныя прылады зрабілі Паскаль у 1646 годзе і Лейбніц у 1673 годзе. Першую серыйную механічную вылічальную прыладу зрабіў у 1820 годзе дэ Кальмар. Да 19 стагоддзя мець дома «калькулятар» маглі сабе дазволіць толькі вельмі багатыя людзі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках